15 сакавiка 2025, Субота, 2:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы знайшлі два арыгіналы Берасцейскай Бібліі 1563-га года

4
У Польшчы знайшлі два арыгіналы Берасцейскай Бібліі 1563-га года

Іх знайшлі на гарышчы прыватнага дома падчас рамонту.

На гарышчы дома пад Аполе знайшлі два экзэмпляры Бібліі на польскай мове, выдадзеных у Берасці-Літоўскім. Навукоўцы дашлі да высновы, што яны датуюцца 1563 годам. З прыкладна тысячы выдадзеных тады экзэмпляраў гэтай кнігі да нашых часоў дажылі менш за 140. Гэтая Біблія важная тым, што была першым поўным перакладам Пісання на польскую мову для пратэстантаў, паведамляе PAP.

«Берасцейскую Біблію» знайшлі яшчэ ў канцы 2024 года паблізу вёскі Пакуй. Гаспадары адразу зразумелі, што маюць справу з рэдкімі артэфактамі, і перадалі іх ваяводскаму рэстаўратару. Бібліі перавезлі ў Катавіцы, там іх прадэзінфікавалі і ўзялі ўзоры для мікрабіялагічных даследаванняў. Кансервацыйныя працы могуць заняць шмат месяцаў і нават расцягнуцца на некалькі год.

Біблія на польскай была выдадзеная дзякуючы Мікалаю Радзівілу Чорнаму.

На думку прафесара Дарыюша Хемперка з люблінскага Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай, кнігі, выдадзеныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, невыпадкова апынуліся ў Верхняй Сілезіі (гэта значыць за межамі Першай Рэчы Паспалітай). Іх выкарыстоўвалі пратэстанты, якія жылі там і гаварылі па-польску. Менавіта так стала магчыма захаваць польскую мову сярод простага народа.

З XVI стагоддзя сілезскія лютэране польскага паходжання здзяйснялі набажэнствы на роднай мове, чыталі «Берасцейскую Біблію» і спявалі польскія рэлігійныя песні. На думку навукоўца, знойдзеныя экзэмпляры Бібліі належалі польскім евангелічным святарам і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

У ХІХ стагоддзі недалёка ад месца, дзе знайшлі кнігі, дзейнічала пратэстанцкая школа, дзе дзеці вучыліся па-польску. Ці мае гэтае дачыненне да лёсу Бібліі, невядома. Абставіны, пры якіх кнігі прыйшлося хаваць на гарышчы прыватнага дома, таксама не высветленыя.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках