У Гародні цяпер самае бруднае паветра ў Беларусі
3- 14.03.2025, 16:42
- 6,626

З чым можа быць звязанае пагаршэнне?
Паводле інфармацыі сайта арганізацыі IQAir 12 сакавіка індэкс якасці паветра ў Гародні складае 112. Такі паказчык уважаюць за шкодны для ўразлівых груп насельніцтва. Для параўнання, у Менску на момант публікацыі індэкс якасці паветра склаў 93. Hrodna.life разабраўся, што адбываецца.
У Гарадзенскай вобласці на момант публікацыі амаль такое, як у Гародні, паветра было ў Сапоцкіне — індэкс 111. У Мастах — 108, у Ваўкавыску — 106, у Воранаве і Лідзе — 105. Найлепшы паказчык склаў у Смаргоні — 97. З абласных цэнтраў у Берасці індэкс якасці паветра вызначаюць як 104, у Віцебску - 73, у Гомелі - 63, у Магілёве - 73.
IQAir вызначае якасць паветра ў гарадах, дзе есць маніторынг гэтага паказчыка. Індэксы могуць быць такімі: добра (0-50), сярэдне (51-100), шкодна для ўразлівых груп (101-150), шкодна (151-200), вельмі шкодна (201-300) і небяспечна (301+).
Паводле звестак aqi.in у Беларусі сярэдні ўзровень забруджвання паветра часціцамі PM2.5 цяпер складае 34 µg/m³, PM10 – 45 µg/m³. У Гародні – 39 µg/m³ часціц PM2.5 і 52 µg/m³ PM10 (у Менску – 28 µg/m³ па часціцах PM2.5 і 40 µg/m³ PM10). Для параўнання, паводле Белстата, у 2023 годзе сярэднегадавы ўзровень змяшчэння цвёрдых часціц класа PM10 у паветры Гародні склаў 7 µg/m³. Гэта было ў разы менш за паказчыкі ў кожным іншым абласным цэнтры Беларусі (у Гомелі было 44 µg/m³, пры тым, што гранічна дапушчальная канцэнтрацыя такога пылу — 40 µg/m³). Рэкамендаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ўзровень цвёрдых часціц PM2.5 у паветры - 5 µg/m³. Часціцы класа РМ10 - гэта пыл і рэчывы дыяметрам ад 10 мікрон і менш. Часціцы класа РМ2,5 - гэта тонкадысперсныя часціцы і пыл ад 2,5 мікрон і менш. Яны больш шкодныя, бо могуць пападаць глыбока ў лёгкія. Часціцы РМ2,5 і большыя прыносяць, у тым ліку, пылавыя буры.
З чым можа быць звязанае пагаршэнне?

Прычынай такіх паказчыкаў у Гародні магла стаць пылавая бура, якая прыйшла ў Еўропу з Афрыкі разам з пацяпленнем. Дробны пыл пустыні часам паднімаецца высока ў атмасферу і падае на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў. Па актуальным стане, найгоршае паветра зараз у Польшчы, і яно рухаецца ў бок Беларусі.
У Беларусі з пачатку сакавіка ўстанавілася сухое зацішнае надвор'е без ападкаў, што, у сваю чаргу, таксама прывяло да павышэння канцэнтрацыі пылу ў паветры. Яе крыніцамі сталі як прыродныя, так і антрапагенныя фактары: пыл з адкрытых грунтоў, выкіды ад транспарту і прамысловасці, сціранне дарожнага пакрыцця і дым ад прыродных пажараў, расказалі ў Мінпрыроды. Рассейванню пылу замінала тэмпературная інверсія, праз якую забруджвальныя рэчывы запасіліся ў ніжніх пластах атмасферы. Паводле звестак шматгадовых назіранняў, увесну ўзровень пылу ў паветры традыцыйна ўзрастае.
Што прыносіць пылавая бура
Падчас пылавых бур зніжаецца бачнасць і пагаршаецца якасць паветра. Часціцы PM2.5 і некаторыя часціцы яшчэ большага памеру могуць заставацца ва ўзважаным стане ў паветры цягам доўгага часу. Яны могуць пранікаць глыбока ў дыхальную сістэму, раздражняючы дыхальныя шляхі, пагаршаючы існыя захворванні і падвышаючы рызыку сэрцава-судзінных праблем. Акрамя таго, пылавыя буры могуць пераносіць забруджвальныя рэчывы і алергены. Няма пераканаўчых довадаў таго, што PM2.5 з неантрапагенных крыніц, такіх як пылавыя буры, менш шкодныя, чым антрапагенныя або створаныя чалавекам крыніцы, такія як згаранне аўтамабіляў, улічвае IQAir.
Як абараніць сябе ад дрэннай якасці паветра?
• Усталюйце бясплатнае прыкладанне для атрымання папярэджанняў і прагнозаў якасці паветра ў рэжыме рэальнага часу.
• Зачыніце дзверы і вокны і перавядзіце сістэму ацяплення, вентыляцыі і кандыцыянаванні паветра ў рэжым рэцыркуляцыі.
• Пры дрэннай якасці паветра заставайцеся ў памяшканні, а калі вам усё ж давядзецца выйсці на вуліцу, надзеньце маску KN95/FFP2.
• Выкарыстоўвайце ачышчальнік паветра для фільтрацыі часціц, газаў і іншых забруджвальных рэчываў.