Financial Times: У ЕЗ прыдумалі, як пакласці канец «шантажу» Вугоршчыны
23- 14.03.2025, 22:57
- 26,934

Сітуацыя можа дасягнуць апагею ў ліпені.
Рашучае нежаданне Будапешта падоўжыць шэраг санкцый ЕЗ супраць Расеі ў апошнія дні прывяло да актывізацыі абмеркаванняў сярод дзяржаў-чальцоў патрэбнасці таго, каб пазбавіць Вугоршчыну права голасу пры прыняцці ключавых пастаноў, паведамляе Financial Times.
У публікацыі гаворыцца, што напярэдадні паслы ЕЗ цэлы дзень дыскутавалі з паслом Вугоршчыны ў Брусэлі, які выстаўляў жорсткі ўльтыматум - выкрасліць з санкцыйнага спіса расейскага алігарха Міхаіла Фрыдмана і яшчэ семярых чалавек. У адваротным выпадку Будапешт пагражаў адмовіцца падтрымаць падаўжэнне часткі антырасейскіх санкцый яшчэ на паўгода.
Сутыкнуўшыся з магчымасцю таго, што каля дзвюх тысяч падсанкцыйных асоб, у тым ліку Уладзімір Пуцін, могуць быць вызваленыя ад санкцый праз вугорскае вета, 26 паслоў пагадзіліся выключыць трох чалавек са спісу. Аб выключэнні яшчэ аднаго прозвішча дамовіліся тыднем раней.
Нарэшце, паводле звестак крыніц, санкцыі пастанавілі падоўжыць на шэсць месяцаў.
Але апошняя спроба Вугоршчыны шантажаваць астатнія краіны, каб атрымаць перавагі для Крамля, давяла цярпенне іншых сталіц да крайнасці.
«Многія чыноўнікі зноў адкрыта абмяркоўваюць магчымасць выкарыстання супраць Вугоршчыны працэдуры, прадугледжанай артыкулам 7 - ядзернага варыянту пазбаўлення краіны-чальца права голасу, - але пры гэтым цалкам усведамляюць палітычныя выклікі і наступствы такога кроку», - гаворыцца ў публікацыі.
Між тым, калі Вугоршчына паўторыць свой шантаж у ліпені, калі будуць прымаць пастанову аб падаўжэнні эканамічных санкцый супраць Расеі, у тым ліку замарожванне дзяржаўных расактываў у Еўропе, рашучасць дзяржаў ЕЗ ужыць захады супраць Будапешта можа дасягнуць апагею.
Непрацягненне санкцый магло б фактычна размарозіць да 30% ад усяго аб'ёму замарожаных актываў РФ. Паводле ацэнак, гаворка магла ісці аб прыкладна 60 млрд еўраў размарожаных сродкаў або крыху больш.