Літва гатовая размясціць у сябе ядзерную зброю NATO
1- 15.03.2025, 11:31
- 1,726

Для гэтага можа быць змененая Канстытуцыя краіны.
Літва гатовая разгледзець магчымасць змены Канстытуцыі, калі хаўруснікі ў NATO прапануюць размясціць на яе тэрыторыі ядзерную зброю, паведамляе «Нямецкая хваля».
«Мы мяркуем, што неабходна ацаніць магчымасці ўнясення змяненняў у артыкул 137 Канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі, калі нашы хаўруснікі прапануюць пэўныя рэальныя планы размяшчэння ядзернай зброі або яе кампанентаў у Літве, а таксама перагледзець іншыя абавязальніцтвы», – цытуе партал Delfi словы міністаркі абароны краіны Давіле Шакалене.
137-ы артыкул Канстытуцыі Літвы забараняе размяшчаць на тэрыторыі гэтай дзяржавы зброю масавай паразы і замежныя ваенныя базы. Пры гэтым размясціць у сябе ядзерную зброю Вільні пакуль ніхто не прапаноўваў, адзначыла Шакалене.
Дыскусіі пра размяшчэнне ядзернай зброі ва Усходняй Еўропе
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, верагодна, не падтрымае размяшчэнне ядзернай зброі ва ўсходнееўрапейскіх дзяржавах, заявіў віцэ-прэзідэнт краіны Джэй Ды Вэнс. «Я не абмяркоўваў гэтае пытанне з прэзідэнтам, але быў бы шакаваны, калі б ён падтрымаў размяшчэнне ядзернай зброі яшчэ далей – на ўсходзе Еўропы. Гаворка ідзе пра будучыню чалавечай цывілізацыі», – сказаў ён у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News 13 сакавіка.
Раней у той самы дзень прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрв'ю газеце Financial Times заклікаў Вашынгтон перамясціць ядзерную зброю «на ўсход». «Межы NATO перамясціліся на ўсход у 1999 годзе, таму праз 26 гадоў таксама павінен адбыцца перанос інфраструктуры NATO на ўсход. <...> Я думаю, што не толькі прыйшоў час, але і было б больш бяспечным, калі б гэтая зброя ўжо была тут», – сказаў ён.
Дуда адзначыў, што ўжо абмяркоўваў гэтае пытанне са спецпасланцам Дональда Трампа датычна Расеі і Украіны Кітам Келагам.