17 сакавiка 2025, панядзелак, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Лукашэнку яшчэ адна АЭС?

11
Навошта Лукашэнку яшчэ адна АЭС?

Электраэнэргіі ў Беларусі і так з гакам.

Лукашэнка некалькі дзён запар гаворыць пра яшчэ адну атамную электрастанцыю ў Беларусі. Маўляў, яе можна пабудаваць на ўсходзе краіны, каб пастаўляць энэргію ў Бранскую і іншыя вобласці Расеі, а таксама "ў новыя рэгіёны". Гэтыя планы пракаментавала “Белсату” эканамістка Настасся Лузгіна.

13 сакавіка Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Крамлі папрасіў, каб "Расатам" пабудаваў у Беларусі другую АЭС, напісала выданне "КоммерсантЪ".

Пазней прэс-служба расейскай карпарацыі паведаміла РБК, што Лукашэнка казаў пра “новыя атамныя магутнасці”, і гэтае пытанне “ўзялі ў прапрацоўку”:

“Чакаем ад беларускіх калег тэхнічнага ўдакладнення: ці патрэбны дадатковы, трэці энэргаблок на пляцоўцы Астравецкай АЭС, ці новая АЭС у іншым раёне”.

Відавочна, такое "тэхнічнае ўдакладненне" прагучала 14 сакавіка падчас прамовы Лукашэнкі ў верхняй палаце расейскага парламента - Савеце Федэрацыі. Дыктатар выказаўся за новую атамную электрастанцыю:

“Мы можам яе пабудаваць на нашых усходніх межах. Калі што - Бранская і іншыя вобласці, і “новыя рэгіёны” Расеі мы можам забяспечыць электрычнасцю”.

Адметна, што Лукашэнка назваў акупаваныя тэрыторыі Украіны так, як іх называюць у Расеі.

Зрэшты, Лукашэнка, магчыма, і сам не ўпэўнены на 100%, што другая АЭС сапраўды патрэбная, бо сказаў:

“Наконт другой станцыі мы ўчора абмяркоўвалі. Калі будзе вялікае запатрабаванне ў Беларусі ў атамнай энжргіі, агулам у электрычнасці, ну, будзем будаваць. Калі не - навошта будаваць?

Такое ж пытанне ўзнікла ў эканамісткі даследчага цэнтра BEROC ГНастассі Лузгіной. У каментары «Белсату» яна нагадала, што не апраўдаліся планы экспарту энэргіі з Астравецкай АЭС, і такі ж лёс можа спасцігнуць таксама другую станцыю:

“Улада разлічвае, што электраэнэргія будзе пастаўляцца ў Расею, аднак ёсць пытанне, наколькі расейцы ў гэтым зацікаўленыя. Мы ведаем досвед першай АЭС, і там планы экспарту электраэнэргіі не здзейсніліся”.

Дзель энэргіі з Астравецкай станцыі зараз - блізу 40% ад агульнай электравытворчасці Беларусі. Спажыванне электрычнасці ў нашай краіне расце, улады непасрэдна звязаныя з гэтым, аднак зараз яе лішак.

«З першай АЭС узнікае пытанне наконт лішкаў электраэнэргіі, якая вырабляецца, і будаўніцтва другой станцыі напраўду выклікае пытанні. Магчыма, стаўку робяць на тое, што будуць развівацца нейкія дадатковыя энэргаёмістыя праекты, узнікаюць ідэі зрабіць Беларусь прывабнай для майнінгу крыптавалют, што вельмі энэргазатратна. Гэта значыць прыдумляюцца такія рэчы, каб павялічыць энэргаспажыванне”, - падкрэслівае Лузгіна.

Яна знайшла тлумачэнне, чаму Лукашэнка так носіцца з ідэяй другой АЭС. Такі буйны інвестыцыйны праект - гэта дадатковыя грошы для беларускай эканомікі і ўклад у рост ВУП:

“Будаўніцтва новай АЭС - вельмі буйны інвестпраект, ён будзе адбівацца на росце ВУП, што ўпісваецца ў рамкі дзяржаўнай палітыкі. Плюс у Беларусь, вядома ж, паступіць крэдыт, то бок дадатковыя фінансавыя рэсурсы”.

Дарэчы, новы крэдыт на другую АЭС яшчэ больш узмоцніць залежнасць Беларусі ад Расеі. Акурат сёння Савет Федэрацыі ўхваліў адтэрміноўку аб вяртанні пазык Маскве на $800 млн. Менск павінен быў вярнуць гэты крэдыт з адсоткамі яшчэ летась, цяпер жа давядзецца расплачвацца ў 2031-2036 гадах.

Паводле слоў Лузгіной, такая мера дасць магчымасць захаваць зараз золатавалютныя рэзервы, але вяртанне грошай кладзецца цяжарам на плечы наступных пакаленняў.

"Рызыка ў тым, што Расея - галоўная краіна, якая дае гэтыя вонкавыя рэсурсы, і гэта ўзмацняе эканамічную залежнасць Беларусі ад Расеі", - рэзюмавала субяседніца "Белсата".

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках