«Першае слова, што вымавіць тэлефон, будзе «Гарэлка»
8- 17.03.2025, 14:22
- 3,934

Гарадзенцы купілі цацку дзіцяці і вельмі здзівіліся агучванню.
Малыя любяць паўтараць усё за дарослымі. І калі ў бацькоў ёсць мабільны тэлефон, то і дзіця, вядома, хоча мець такі ж. Сапраўдны купляць не будзеш, а вось цацка-заменнік можа пасаваць. Гарадзенцы купілі такі дэвайс і вельмі здзівіліся, піша Newgrodno.
«Цацка размаўляла. Націскаеш на сімвал на экране, тэлефон прамаўляе фразы ці ўключае музыку. На першы погляд усё добра, але калі прыгледзішся, з'яўляюцца нюансы», - прызнаецца чытач Анатоль.

Як вам сімвал з подпісам «Спачывай спакойна»?! Хутчэй за ўсё, гэта пажаданне спакойнай ночы, бо пры націску на яго ўключаецца спакойная музыка, але ўсё ж выглядае гэта крыху жудасна.
«А вось калі націснуць на абразок «Еж» (хутчэй за ўсё, гэта значыць «Ежа»), то першае слова, што скажа тэлефон, будзе «Гарэлка», - смяецца мужчына. Далей, відаць, тэлефон пералічвае закуску: хлеб, сыр і салату.
Калі прыгледзецца, то і подпісы пад сімваламі дзіўныя. Недзе не стае літар, недзе дзіўныя скарачэнні.
«Вось такія цяжкасці перакладу», - кажа Анатоль.
Купілі тэлефон у адной з крамак у Гародні. Аддалі за гэтую цацку 17 рублёў. Але вяртаць яе назад бацькі не плануюць, бо тэлефон спадабаўся дачцэ. Гуляе яна з ім з задавальненнем, бо для малой нюансы з перакладам пакуль не такія важныя.