Мультфільм, які атрымаў прэмію «Оскар», знялі з паказу ў Беларусі
- 17.03.2025, 15:04
- 5,006

Раней гэтага патрабавалі аўтары анімацыйнай стужкі.
Латвійскі мультфільм «Плынь» знялі з паказу ў Менску. Раней гэтага патрабавалі аўтары анімацыйнай стужкі, якая сёлета атрымала прэмію "Оскар". Яны падкрэслівалі, што паказы мультфільма ў Беларусі і Расеі праходзяць нелегальна.
Апошнія дні фільм паказвалі толькі ў адным сталічным кінатэатры - Skyline Cinema у гандлёвым цэнтры Galileo. Паказы праходзілі тры-чатыры разы на дзень, білеты каштавалі ад 14 рублёў. Згодна з афішай мультфільм мусіў дэманстравацца да 19 сакавіка, але 17 сакавіка ён знік з сайта кінатэатра, заўважыла «Радыё Свабода».
Наведвальнікам патлумачылі, што «магчыма, стужка яшчэ вернецца на экраны праз некалькі дзён, але ўпэўненасці ў гэтым няма». Прычыны такой пастановы не назвалі. Пра гэта журналістам расказаў чалавек, які планаваў найбліжэйшым часам пайсці на паказ мультфільма.
Раней мультфільм «Плынь» у Беларусі паказвалі таксама ў менскіх кінатэатрах «Цэнтральны» і Falcone.