Reuters: Расеі пагражае эканамічны крах пасля спынення вайны
6- 17.03.2025, 16:31
- 8,670

Арыентаваная на войска палітыка знясіліла эканоміку РФ.
Уладзімір Пуцін стварыў у сваёй краіне перагрэтую вайсковую эканоміку, таму вяртанне ў нармальны стан можа азначаць «жорсткае прызямленне», піша аглядальнік Reuters П'ер Брыянсан.
Ён адзначае, што бачная ўстойлівасць расейскай эканомікі ілюзорная. Пры гэтым канец спусташальнай вайны Расеі ва Украіне зусім не непазбежны, нягледзячы на прапанову аб 30-дзённым спыненні агню. Ды і наогул кожнае замірэнне наўрад ці прывядзе да меней арыентаванай на абарону эканомікіы.
Афіцыйна вайсковыя выдаткі РФ складаюць 8% ВУП і 40% федэральнага ўрадавага бюджэту. Пры гэтым звесткі не ахопліваюць усіх выдаткаў, звязаных з абаронай. Эксперт мяркуе, што пасля заканчэння вайны гэтыя лічбы не моцна зменшацца, калі Пуцін палічыць спыненне баявых дзеянняў часовым або выкарыстоўвае замірэнне, каб сабраць рэсурсы для будучых нападаў на Усходнюю Еўропу.
«Тым не менш спроба вярнуць эканоміку ў нармальны стан спарадзіла б дзве праблемы для Пуціна. Першая вынікае са шматгадовага буму крэдытавання буйнымі банкамі», - адзначае ён.
Так, карпаратыўныя крэдыты ў Расеі выраслі на 18%, як у 2023, так і ў 2024 гадах. Арыенціровачная стаўка цэнтральнага банка, якая зараз складае 21%, тэарэтычна павінна прадухіліць такі бум крэдытавання. Аднак з 2022 года закон абавязаў банкі фінансаваць прадпрыемствы абароннага сектара субсідаванымі стаўкамі. Сельскагаспадарчыя і будаўнічыя фірмы таксама ўзялі крэдыты на льготных умовах, як і некаторыя іпатэчныя пазычальнікі. Цяпер ільготныя крэдыты складаюць блізу 16% агульнага партфеля банкаў, паводле звестак Банка Расеі. Гэта падвышае перспектыву паваеннай хвалі дэфолту, калі выдаткі на абарону ўпадуць і эканоміка замарудзіцца.
Другая праблема, з якой Пуцін сутыкнецца на шляху да памяншэння мілітарызаванай эканомікі, звязаная з пагаршэннем дэмаграфічных паказчыкаў Расеі. Хранічны недахоп працоўнай сілы ў значнай ступені тлумачыць нізкі ўзровень беспрацоўя ў Расеі, які складае прыкладна 2%. Мірная прамысловасць працуе ледзь на 80% праз недахоп працоўнай сілы, а 1,6 мільёна працоўных месцаў не занятыя. Паводле расейскіх падлікаў, да 2030 году недахоп працоўнай сілы можа дасягнуць ад 2 да 4 мільёнаў чалавек.
Тэарэтычна спыненне ваенных дзеянняў і адпраўка салдат дадому павінна дапамагчы, але ўсё адно рабочая сіла ў Расеі скарачаецца прыкладна на 1 мільён мужчын штогод праз жахлівую дэмаграфічную сітуацыю. Да таго ж, прыкладна 600 000 дэмабілізаваных будзе цяжка атрымаць працу, бо яны паходзяць з самых бедных рэгіёнаў краіны, і ім бракуе навыкаў, неабходных у мірнай эканоміцы.
Скарачэнне колькасці войска дапаможа цэнтральнаму банку ў яго барацьбе з інфляцыяй. Рост коштаў быў часткова выкліканы шчодрай дзяржаўнай кампенсацыяй салдатам-кантрактнікам, прызыўнымі бонусамі і ўсё больш высокімі стымуламі, бо колькасць ахвочых навабранцаў скарачаецца. На падлікі Аляксандры Пракапенкі з Еўразійскага цэнтра Carnegie Russia, Расея выдаткавала на навабранцаў ад 16 да 23 мільярдаў даляраў. Гэтая лічба ўключае ў сябе кампенсацыйныя схемы для параненых і сем'яў загінулых. Праблема ў тым, што Пуцін не мае намеру скарачаць сваё войска. У верасні ён загадаў павялічыць войска на 180 000 салдат да 1,5 мільёна рэгулярных войск, што зробіць яго другім па колькасці ў свеце пасля Кітая. І калі Расея перастане ваяваць, ёй давядзецца падтрымліваць працу вайсковых заводаў, каб аднавіць шкоду, прычыненую Украінай.
«Жорсткая пасадка пасля падпісання міру мела б шмат пераваг для Крамля», - дадаў аўтар.