УСУ пачалі ўжываць супраць акупантаў новы тып беспілотнікаў
- 17.03.2025, 17:50
- 6,124

Фота і відэа дазволілі ідэнтыфікаваць невядомы раней апарат.
Сілы абароны Украіны пачалі ўжываць новы тып дронаў-перахопнікаў, распрацаваных для знішчэння расейскіх выведвальных беспілотнікаў. Пра гэта 17 сакавіка паведаміў рэсурс «Мілітарны».
Паводле інфармацыі крыніцы, апублікаваныя фота і відэа дазволілі ідэнтыфікаваць невядомы раней апарат. На кадрах відаць, як ён з высокай хуткасцю набліжаецца да расейскага коптара, як мяркуецца, для тарана або дыстанцыйнага падрыву. Аднак атака не скончылася паспяховым знішчэннем цэлі.
Як адзначылі ў «Мілітарным», адметнай асаблівасцю дрона з'яўляецца яго канструкцыя: ён абсталяваны крыжападобным хваставым крылом і пярэднімі крыламі з вертыкальнымі рулямі.
Аналіз выявы паказвае, што элементы кіравання размешчаныя ў пярэдняй частцы, тады як заднія крылы служаць для стабілізацыі. Прыводзіцца ў рух робат трохлопасцевым вінтом у карме. Таксама прыкметныя зафіксаваныя ізастужкай элементы, якія, імаверна, змяшчаюць камеру ці баявую частку. Аднак магчымая наяўнасць сістэмы навядзення пакуль не пацверджаная.
Эксперты дадалі, што Украіна актыўна нарошчвае парк дронаў-перахопнікаў, якія выкарыстоўваюцца супраць расейскіх БПЛА. Яны вар'ююцца ад простых мадэляў, якія знішчаюць цэль пры сутыкненні, да больш складаных сістэм з радыёпадрывам і навядзеннем.