«Колькі трэба яшчэ чакаць, каб чыноўнікі пачалі дзейнічаць?»
9- 18.03.2025, 19:18
- 9,252

Берасцейка паказала ў сацсетцы стан шматпавярховіка, у якім жыве.
Берасцейцы, якія жывуць у шматкватэрным доме на ГОБК, 52, гадамі спрабуюць дабіцца рамонту. Але іх скаргі разбіваюцца аб сцяну бюракратыі.
Жыхарка дома апублікавала відэа ў TikTok, паказаўшы, у якіх умовах даводзіцца жыць людзям. З яе слоў, дом на ГОБК, 52 - гэта не проста аварыйнае жыллё, а сапраўдная пастка.
«Без слёз не зірнеш. Гэта не дом, гэта кашмар», - кажа аўтар відэа, праводзячы камерай па пад'ездзе, дзе звісаюць электрычныя правады.
«Мы баімся класціся спаць, не ведаем, ці вытрымае дом гэтую ноч», – дадае яна, паказваючы велізарныя расколіны на сценах.
Вокны выбітыя, халодны вецер гуляе па паверхах.
«Гэта зрабілі не мы, гэта рамонтнікі, калі дах правілі!» - тлумачыць аўтар.

Падвал стаў агменем антысанітарыі: затоплены брудны рассаднік цвілі і хвароб.
«Там дыхаць немагчыма, смурод стаіць жудасны», - абураецца мясцовая жыхарка.
Улады гадамі абяцаюць разабрацца, але далей за словы справа не ідзе.
«Мы пісалі лісты, тэлефанавалі, куды толькі ні звярталіся - абяцаюць прыйсці, паглядзець, скласці акт, і ўсё. Гадамі нічога не мяняецца. Мы баімся, што дом абрынецца», - скардзіцца аўтарка відэа.

На думку берасцейкі, рамонт, які нібыта пачалі рабіць, — гэта спроба стварыць бачнасць працы.
«Колькі яшчэ трэба чакаць, каб чыноўнікі пачалі дзейнічаць? Гэты дом - не проста будынак, гэта чыесьці жыцці. Мы патрабуем неадкладнага ўмяшання, мы патрабуем правядзення экспертызы і капітальнага рамонту. Мы патрабуем, каб людзі перасталі баяцца за сваё жыццё».
Як пішуць карыстачы ў каментарах да гэтага відэа, у спісе на капітальны рамонт дом ёсць, але тое, што робяць, толькі пагаршае сітуацыю.
«Калі рамантавалі дах, залілі бетонам людзям кандыцыянеры і вокны! Гэта нармальна?», - абураецца жанчына ў відэа.
У падвале мінулай восенню замест умацавання падмурка ўсталявалі драўляныя падпоркі.
«Дом аварыйны, трымаецца на дзеравяках. Нас што, тут проста пакінулі паміраць?», - задаецца пытаннем адзін з жыхароў.
Адна з карыстальніц напісала, што калі дому было амаль 30 гадоў, «людзі жылі з тазікамі на ложках, бо цякло ўсё і ўсюды». З яе слоў, дапамог зварот на гарачую лінію.
А жыхарка суседняга дома (ДАБК, 46/1) напісала, што ў іх зрабілі капітальны рамонт, аднак «амаль нічога не змянілася».