Пуцін на закрытай сустрэчы з расейскімі алігархамі расказаў, чаго хоча ад перамоў з Трампам
15- 19.03.2025, 11:35
- 13,140

Кіраўнік Крамля абазначыў тэрытарыяльныя прэтэнзіі РФ.
Пуцін не будзе прэтэндаваць на Адэсу, калі акупаваныя тэрыторыі, а таксама Херсонская і Запарожская вобласці будуць прызнаныя расейскімі. Пра гэта размова ішла на закрытай сустрэчы ў рамках з'езда Расейскага звязу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РЗПП), піша "Коммерсант".
Паводле інфармацыі спецкарэспандэнта выдання Андрэя Калеснікава, Пуцін у закрытым рэжыме расказаў “90 удзельнікам, якія асабліва вызначыліся падчас адбору”, у чым сэнс перамоў з Трампам менавіта на гэтым этапе.
Пуцін сцвярджаў, што вайны б не было, калі б першапачаткова прызналі Крым расейскім. Пазней дастаткова было прызнання аўтаномій Луганскай і Данецкай рэспублік. Цяпер - прызнання іх, а таксама Херсонскай і Запарожскай абласцей у складзе Расеі.
“Цяпер, са слоў маіх суразмоўцаў, гаворка на перамовах ідзе аб тым, што дасягнутае ў Расеі не адабраць і што варта прызнаць у складзе Расеі Крым, Севастопаль і чатыры вядомыя тэрыторыі: Луганскую, Данецкую рэспублікі, Херсонскую і Запарожскую вобласці. Калі гэта адбудзецца найбліжэйшым часам, Расея, расказалі мне ўдзельнікі сустрэчы, не стане прэтэндаваць на Адэсу і іншыя тэрыторыі, якія цяпер належаць Украіне”, - піша Калеснікаў.
Раней аб тым, што падчас перамоў з Трампам Пуцін можа запатрабаваць і іншыя ўкраінскія тэрыторыі, у тым ліку крытычна важны порт Адэса, пісала выданне The New York Times.