У Турцыі арыштавалі галоўнага палітычнага апанента Эрдагана
9- 19.03.2025, 12:33
- 3,032

Мэра Стамбула абвінавачваюць у карупцыі і сувязях з тэрарыстамі.
У Турцыі затрымалі і арыштавалі галоўнага палітычнага апанента прэзідэнта Раджэпа Таіпа Эрдагана — мэра Стамбула 54-гадовага Экрэма Імамаглу. Са звестак Anadolu Agency, улады выдалі ордэры на арышт яшчэ блізу ста асоб, звязаных з палітыкам, у тым ліку яго прэс-сакратара і мэнэджэра медыякампаніі Medya AŞ Мурата Ангуна. У пракуратуры Стамбула паведамілі, што размова ідзе аб расследаванні спраў аб карупцыі і тэрарызме.
Як удакладняе CNN, арышты прайшлі за некалькі дзён да папярэдніх выбараў галоўнай апазіцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі (НРП), на якіх, як чакалася, Імамаглу будзе вылучаны ад партыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Акрамя Ангуна і Імамаглу затрымалі таксама кіраўніка перадвыбарнай кампаніі мэра Стамбула Нэджаці Азкана. Усе затрыманыя абвінавачваюцца ў "стварэнні злачыннай арганізацыі, вымагальніцтве, хабарніцтве, махлярстве і змове на таргах".
Папярэдне, шэраг звязаных з Імамаглу чыноўнікаў мэрыі завышалі кошты на закупку паслуг ад Medya A.Ş. і Kültür A.Ş (яе мэнэджар Махір Палат таксама затрыманы). У пракуратуры мяркуюць, што гэтыя кампаніі атрымлівалі замовы коштам, які значна перавышае іх рэальны кошт. Таксама гаворка ідзе пра выпадкі вымагальніцтва і хабары. З інфармацыі Sabah, чакаецца арышт яшчэ некалькіх журналістаў і бізнэсоўцаў. У Medya AŞ ужо запыталі неабходныя следству дакументы, а таксама канфіскавалі кампутары.
Паводле інфармацыі пракуратуры, Імамаглу таксама знаходзіцца пад следствам паводле падазрэння ў наданні дапамогі Рабочай партыі Курдыстана (РПК) і Звязу грамад Курдыстана (САК), якія Анкара разглядае як тэрарыстычныя арганізацыі.
Пасля затрымання Імамаглу ўлады Стамбула часова забаранілі дэманстрацыі ў горадзе (да 23 сакавіка) "у мэтах падтрымання грамадскага парадку". Некаторыя станцыі метро і дарогі ў цэнтры Стамбула былі перацятыя. Са звестак NetBlocks, у краіне абмежаваны доступ да сацсеткі X, YouTube, Instagram і TikTok.
Акрамя таго, напярэдадні турэцкія ўлады анулявалі ўніверсітэцкі дыплом Імамаглу, што можа перашкодзіць яму пазмагацца з Эрдаганам на прэзідэнцкіх выбарах (згодна з Канстытуцыяй Турцыі, вылучацца на пасаду могуць толькі грамадзяне з вышэйшай адукацыяй). У 2024 годзе ён перамог абранага кіраўніком Турцыі кандыдата ў гонцы за пасаду мэра Стамбула.
Сам Імамаглу ў відэазвароце ў сваім X сказаў, што "жменька людзей, якія спрабуюць выкрасці волю народа" паслала па яго паліцыю і сілы бяспекі. «Мы сутыкнуліся з вялікай тыраніяй. Але я хачу, каб вы ведалі, што я не здамся», - заявіў ён.
Крымінальнае расследаванне супраць Імамаглу было адкрыта яшчэ ў пачатку года. Тады ж затрымалі некалькі апазіцыйных палітыкаў - лідара партыі «Зафер» Уміта Аздага, кіраўніка НРП Азгюра Азэля, кіраўніка адміністрацыі стамбульскага раёна Бешыкташ Рызу Акпалата.
На фоне новых арыштаў адбылося падзенне турэцкай ліры, піша Bloomberg. На міжнародным рынку Форэкс курс турэцкай валюты ўпаў, на 10:40 да рэкордных 41,1 ліры за $1. У той жа час індэкс Borsa Istanbul 100 на адкрыцці ўпаў на 6,9%, што прывяло да прыпынення таргоў. Пасля паўторнага адкрыцця акцыі турэцкай біржы апусціліся яшчэ на 4,6%. Праз падзенне дзяржаўных аблігацый іх даходнасць узляцела на 175 б. п., да 29,94%.