Тайвань назваў дату патэнцыйнага ўварвання Кітая
2- 19.03.2025, 19:07
- 6,550

Востраў на вучэннях будзе адпрацоўваць адказ на магчымую атаку кітайскага войска.
Тайвань падчас сваіх штогадовых вайсковых вучэнняў абазначыў 2027 як год, у якім можа адбыцца ўварванне войска Кітайскай Народнай Рэспублікі (КНР), піша Bloomberg.
Дата была пазначаная ў дакуменце, апублікаваным 18 сакавіка для інфармавання тайваньскіх заканадаўцаў аб будучых вучэннях. На іх будзе адпрацоўвацца адказ на магчымую атаку кітайскага войска.
Аўтары публікацыі адзначылі, што ў агульнадаступных дакументах, якія змяшчаюць планы папярэдніх маштабных вайсковых вучэнняў за апошнія дзесяць гадоў, не згадваецца год, калі магло б адбыцца ўварванне.
Абазначэнне 2027 года як даты патэнцыйнага нападу з боку КНР можа быць спосабам пераадолець супярэчнасці ў парламенце Тайваня, дзе апазіцыйныя партыі аспрэчваюць некаторыя планы вайсковых выдаткаў, заявіў дырэктар праваабарончай групы Formosa Defense Vision Джэк Чэн. На яго думку, гэта можа прымусіць апазіцыю ў парламенце адчуць, што павелічэнне вайсковага бюджэту - надзённая неабходнасць.
У кастрычніку 2024 года старшыня КНР Сі Цзіньпін заклікаў вайскоўцаў «усебакова ўзмацніць падрыхтоўку да вайны і забяспечыць войскам надзейную баявую гатоўнасць». У снежні 2024 года Кітай абвясціў аб «сур'ёзнай незадаволенасці» ЗША праз пастаўкі амерыканцамі зброі Тайваню.
Вашынгтон афіцыйна падтрымлівае прынцып «аднаго Кітая», аднак амерыканскія ўлады ўважаюць статус выспы неўрэгуляваным і абяцаюць яму абарону ў выпадку спробы КНР аднавіць над ім кантроль сілавым шляхам.