21 сакавiка 2025, Пятніца, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі заявіў, што размаўляў з Трампам толькі пра адну ўкраінскую АЭС – Запарожскую

8
Зяленскі заявіў, што размаўляў з Трампам толькі пра адну ўкраінскую АЭС – Запарожскую

У Белым доме сцвярджаюць, што гаворка ішла аб амерыканскай уласнасці на цэлую сетку электрастанцый.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 19 сакавіка на онлайн-брыфінгу, запіс якога апублікаваў Офіс прэзідэнта, расказаў, што размаўляў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам аб магчымасці аднаўлення Запарожскай атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца пад расейскай акупацыяй.

«Было пытанне наконт атамнай станцыі, - сказаў ён, каментуючы заяву Белага дома аб магчымым валоданні АЭС Штатамі. - Гэтае пытанне было не сеткі атамных станцый. Пытанне было выключна пра станцыю, якая сёння знаходзіцца пад часовай акупацыяй, і яна, як вы ведаеце, у небяспецы з-за таго, што Расея там пануе са зброяй. І яна не працуе праз тое, што Расея абсалютна незаконна яе ўтрымлівае».

Калі зайшла размова аб тым, ці можа Украіна яе аднавіць, Зяленскі, паводле ягоных слоў, сказаў Трампу, што недастаткова дэакупаваць станцыю.

«Я сказаў, што толькі дэакупацыі станцыі недастаткова, бо там павінна быць адпаведная інфраструктура - водазабеспячэнне, тэхнічны персанал і яшчэ вельмі шмат крокаў для таго, каб за паўтара - два - два з паловай гады станцыя пачала прыносіць грошы, прыносіць тое, што яна павінна прыносіць, - электрычнасць для людзей. Гэта маё бачанне. І прэзідэнт спытаў: «А калі будзе разуменне, што Амерыка можа гэта аднавіць?» Я яму сказаў: «Так, калі можна мадэрнізаваць, укладваць грошы і т.д. - Мы гатовыя абмяркоўваць гэта з вамі». Але мы казалі выключна пра адну станцыю, якая знаходзіцца пад часовай акупацыяй», - распавёў Зяленскі.

Адказваючы на пытанне аб імавернасці таго, што краіна-агрэсарка перадасць Украіне ЗАЭС, прэзідэнт Украіны сказаў, што зараз ніякай стадыі перамоў аб гэтым няма.

«Ніякай стадыі няма. Калі б былі перамовы, я б вам сказаў. Для нас гэта важна. Я думаю, што станцыя пад акупацыяй працаваць не будзе. Я думаю, што станцыю можна аднавіць, - факт. Я сказаў шчыра, што трэба недзе два гады ў сярэднім, можа, два з паловай. Тое, што гавораць атамныя спецыялісты», - растлумачыў ён.

ЗАЭС, паводле слоў Зяленскага, патрэбна ўкраінскім людзям, а таксама для Еўропы і для далучэння да еўрапейскай электрасеткі. Аднак разбурэнне акупантамі дамбы Кахоўскай ГЭС мела негатыўны ўплыў на Запарожскую АЭС, бо вада з Кахоўскага вадасховішча напаўняла сажалку-ахаладжальнік ЗАЭС.

«Тое, што яны ўзарвалі дамбу, мела сур'ёзны ўплыў. І тэхнічна максімальна разбурыла гэтую станцыю. Вады няма, гэта вялікія праблемы. Дык яна працаваць не будзе. Ведаеце, ну гэта зусім няправільна. Таму проста аддаць станцыю камусьці, камусьці - гэта каму? А калі гэта станцыя і мы хочам, каб яна працавала, каб гэта было бяспечна, украінцы павінны на яе зайсці. Не толькі таму, што гэта наша, і наша зямля, і гэта наша станцыя», - заявіў прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што станцыю неабходна аднаўляць, каб яна тэхнічна была бяспечнай для свету.

«Вось для гэтага [украінцы павінны на яе зайсці]. Проста аддаць станцыю - а там у метры ад станцыі ўсё акупавана, ёсць расейская зброя - ніхто так працаваць не будзе, ніхто не будзе верыць у гэта. Бо гэта немагчыма. Гэта азначае, што заўтра яна пачне працаваць, паслязаўтра яе расейцы падарвуць. Ну, гэта ўсё несур'ёзна. Пакуль што гэта агульныя рэчы. З прэзідэнтам пачалі пра гэта размаўляць. Усе пачалі размовы, калі мы хочам нешта аднавіць, каб яно пачало працаваць, – я думаю, што ўсё гэта станоўчыя крокі. Я не ўпэўнены, што мы атрымаем вынік, але ўпэўнены, што гэта станоўчыя крокі», - дадаў Зяленскі.

Раней прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Лівіт 19 сакавіка на брыфінгу зачытала заяву дарадцы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў нацыянальнай бяспецы Майка Уолца і дзяржсакратара ЗША Марка Рубіё аб размове кіраўніка Белага дома з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Паводле ейных слоў, Трамп і Зяленскі абмеркавалі пытанні электразабеспячэння і ўкраінскіх атамных электрастанцый.

«Ён [Трамп] сказаў, што Злучаныя Штаты могуць быць вельмі карыснымі ў кіраванні гэтымі станцыямі дзякуючы свайму досведу ў галіне электраэнэргетыкі і камунальных паслуг. Амерыканская ўласнасць на гэтыя станцыі была б найлепшай абаронай для гэтай інфраструктуры і падтрымкай украінскай энэргетычнай інфраструктуры», - сцвярджаецца ў заяве.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках