Зяленскі выступіў супраць заканчэння вайны на лініі судакранання
3- 20.03.2025, 10:38
- 10,258

Прэзідэнт Украіны нагадаў Трампу пра «бэрлінскі мур».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам выступіў супраць заканчэння вайны на бягучай лініі судакранання ўкраінскай і расейскага войска. «Ёсць рэгіёны, ёсць гарады, ёсць мястэчкі, якія разрэзаныя той ці іншай кантактнай лініяй. І калі ў некаторых месцах вы будзеце пакідаць гэтую лінію, вы проста пакінеце месцы ці мястэчкі без жыцця. Ніхто не вернецца ў палову горада», - сказаў Зяленскі. Паводле ягоных слоў, калі гэта адбудзецца з вялікімі гарадамі, «гэта будзе Бэрлін».
«Я сказаў сапраўды прэзідэнту Трампу: «Ці жадаем мы Бэрлін, ці жадаем мы шмат такіх гарадоў?» - адзначыў Зяленскі. Ён падкрэсліў, што «бэрлінскі мур - гэта не варыянт» для Кіева. Пры гэтым украінскі прэзідэнт назваў пытанне тэрыторый «самым складаным» падчас урэгулявання канфлікту. «Мы будзем абараняць максімальна Украіну ў гэтых пытаннях. Але нам будзе вельмі няпроста», - сказаў украінскі лідар. У той жа час, паводле ягоных слоў, Трамп разумее - юрыдычна Кіеў ніколі не прызнае акупаваныя тэрыторыі расейскімі.
Зяленскі таксама адзначыў, што ёсць дзяржавы, якія гатовы размясціць ва Украіне свой вайсковы кантынгент. «Ёсць тыя, хто гатовы быць на мяжы, тыя, хто ў небяспечных месцах, тыя - хто толькі на моры або ў цэнтральных гарадах. Мы павінны адпрацаваць агульнае бачанне, на карце павінны з'явіцца канкрэтныя краіны з колькасным складам», - растлумачыў украінскі прэзідэнт.
Акрамя таго, ён паведаміў, што абмеркаваў з Трампам магчымасць перадачы ЗША Запарожскай атамнай электрастанцыі, якая на гэты момант знаходзіцца пад кантролем Расеі. Паводле ягоных слоў, Кіеў гатовы пайсці на такі крок, калі Вашынгтон укладзе сродкі ў мадэрнізацыю станцыі і забяспечыць яе тэхнічным персаналам. Тэлефонная размова Зяленскага з Трампам адбылася 19 сакавіка - на наступны дзень пасля таго, як амерыканскі прэзідэнт паразмаўляў па тэлефоне з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.