Reuters: Адміністрацыя Трампа прапанавала рэформу замежнай дапамогі
1- 20.03.2025, 21:34
- 5,038

USAID перазапусцяць?
Адміністрацыя прэзідэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа падрыхтавала прапанову аб пераглядзе структуры таго, як Вашынгтон размяркоўвае мільярды даляраў замежнай дапамогі. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на адпаведны мемарандум.
У дакуменце раздаецца заклік фінансаваць меншую колькасць сфераў, якія, на думку аўтараў прапановы, лепш адпавядаюць геапалітычным інтарэсам ЗША.
Прапанова, з якой азнаёміліся журналісты Reuters, з'явілася падчас намаганняў Трампа і мільярдэра Ілана Маска ў скарачэнні федэральнага ўраду, які, паводле іхніх словаў, злоўжывае грашыма падаткаплацельнікаў для мэтаў, якія не спрыяюць інтарэсам ЗША.
У матэрыяле гаворыцца, што Трамп загадаў прыпыніць на 90 дзён усю замежную дапамогу ЗША ў першы дзень свайго знаходжання на пасадзе. Загады амерыканскага прэзідэнта прыпынілі многія праграмы Агенцтва ЗША ў міжнародным развіцці (USAID) па ўсім свеце, паставіўшы пад пагрозу дастаўку жыццёва неабходнага харчавання і медыцынскай дапамогі.
Менавіта USAID была ў значнай ступені расфармаваная, большасць яе супрацоўнікаў адпраўленая ў адпачынак або звольненая, а больш за 80% яе грантаў спынена.
У мемарандуме сцвярджаецца, што цяперашняя структура знешняй дапамогі ЗША занадта шырокая, занадта дарагая і не змагла зменшыць залежнасць некаторых краінаў ад амерыканскай дапамогі. У дакуменце зазначаецца, што фінансаванне павінна размяркоўвацца з больш вузкай стратэгічнай накіраванасцю.
«Гэты праект прапануе пераасэнсаваную структуру міжнароднай дапамогі ЗША і набор прынцыпаў працы, якія абяцаюць адчувальную аддачу Амерыцы, разам з тым праектуючы амерыканскую мяккую сілу, умацоўваючы нашу нацыянальную бяспеку і процідзейнічаючы глабальным канкурэнтам, у тым ліку Кітаю», – гаворыцца ў дакуменце.
Паводле словаў суразмоўцы Reuters, знаёмага з дакументам, яго павінны накіраваць на разгляд дзяржсакратару ЗША Марка Рубіё.
Хоць пакуль незразумела, якая частка прапановы будзе прынятая, яна ўяўляе з сябе адзін з найболей дэталёвых аналізаў таго, як адміністрацыя Трампа мае намер рэфармаваць USAID, арганізацыю, заснаваную ў 1961 году 35-м прэзідэнтам ЗША Джонам Кэнэдзі.
Сярод іншага ў мемарандуме прапануецца ліквідаваць блізу двух дзясяткаў бюро USAID і перайменаваць яе ў Агенцтва ЗША ў міжнароднай гуманітарнай дапамозе.
Рэарганізаваны орган будзе ўваходзіць у склад Дзяржаўнага дэпартамента, а ягоны мандат будзе абмяжоўвацца гуманітарнай дапамогай, рэагаваннем на стыхійныя бедствы, глабальнай аховай здароўя і харчовай бяспекай.
Акрамя таго, прапануецца, каб любыя «палітычна арыентаваныя праграмы», напрыклад, спрыянне дэмакратыі, свабода веравызнання і пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчынаў, кіраваліся непасрэдна Дзяржаўным дэпартаментам.
«Мы імкнемся рэалізаваць знешнепалітычныя мэты прэзідэнта Трампа і міністра Рубіё, будучы максімальна інавацыйнымі, спрытнымі і засяроджанымі», – заявілі ў Дзярждэпе, адказваючы на пытанне пра мемарандум.