21 сакавiка 2025, Пятніца, 20:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Следства ў РФ адпрэчыла заявы Пуціна

Следства ў РФ адпрэчыла заявы Пуціна

Тэрарысты, якія ўчынілі бойню ў «Крокусе», былі завербаваныя ІДІЛ.

Канчатковая версія следства паводле справы аб тэракце ў расейскім «Крокусе Сіці Холе» палягае ў тым, што тэрарысты былі завербаваныя афганскай ячэйкай «Ісламскай дзяржавы» «Вілаят Харасан», распавёў адвакат аднаго з абвінавачаных, піша «Агентство. Новости».

З матэрыялаў следства вынікае, што пастанова ехаць ва Украіну з'явілася ўжо пасля таго, як тэрарысты не паслухаліся загаду ўступіць у перастрэлку з праваахоўнікамі (і, магчыма, загінуць) у «Крокусе». Гэтыя высновы следства супярэчаць заявам, якія кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў і Уладзімір Пуцін рабілі пасля тэракту.

Згодна з матэрыяламі справы, з якімі азнаёміўся адвакат па прызначэнні Алег Уласаў, тэрарыстаў завербавала кіраўніцтва «Вілаят Харасан». Пры гэтым «непасрэдныя заказчыкі» знойдзеныя не былі, вынікае з 420 тамоў справы.

Пасля тэракту злачынцы атрымалі ад арганізатараў загад заставацца на месцы і «сустрэць» сілавікоў, але не падпарадкаваліся яму і замест гэтага з'ехалі з «Крокуса», распавёў «Коммерсанту» Уласаў. Калі куратары даведаліся пра гэта, то параілі тэрарыстам рухацца да мяжы з Украінай, але не далі інструкцый па пераходзе мяжы. «Можа быць, арганізатары спадзяваліся, што пры пераходзе мяжы іх застрэляць альбо нашы, альбо на тым баку», – мяркуе юрыст.

Дакладнай фармулёўкі матываў нападу, са слоў Уласава, у справе няма. Адна са здагадак палягае ў тым, што тэракт мог быць звязаны з абвастрэннем у ізраільска-арабскіх дачыненнях, распавёў ён.

Гэтыя дэталі матэрыялаў следства супярэчаць версіі, якой публічна прытрымлівалася расейскае кіраўніцтва адразу пасля тэракту.

️Ужо на наступны дзень пасля нападу Пуцін казаў пра «акно», якое, з яго слоў, для тэрарыстаў рыхтавалі «з украінскага боку». Праз тры дні пасля тэракту прэзідэнт казаў пра «кіеўскі след» і існаванне заказчыка, які ўчыніў тэракт «рукамі радыкальных ісламістаў». Мэтамі тэракту ён неўзабаве пасля нападу называў «прычыненне шкоды нашаму адзінству». Таксама ён казаў, што Расея «не можа быць аб'ектам тэрарыстычных атак з боку ісламскіх фундаменталістаў» праз тое, як Масква паводзіць сябе «на замежнай арэне».

Дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў неўзабаве пасля тэракту сцвярджаў, што напад стаў сведчаннем таго, што «ўкраінскія нэанацысты і іх заходнія заступнікі» арганізуюць «учыненне самых варварскіх злачынстваў на тэрыторыі нашай краіны». Пазней ён казаў, што тэракт рыхтавалі «як самі радыкалы-ісламісты, так, натуральна, спрыялі заходнія спецслужбы, а самі спецслужбы Украіны да гэтага маюць непасрэднае дачыненне».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках