«Раснафта» можа пазбавіцца найбуйнейшага актыву за мяжой
- 21.03.2025, 18:03
- 3,672

Праз санкцыі.
«Раснафта», якая страціла актывы ў Нямеччыне неўзабаве пасля пачатку вайны з Украінай, можа быць змушаная пазбавіцца ад апошняга буйнага прадпрыемства за мяжой.
Як паведамляе The Economic Times, найбуйнейшая нафтавая кампанія Расеі разглядае магчымасць продажу долі ў індыйскай Nayara Energy, якую набыла ў 2017 годзе за $12,9 млрд.
Прычына – у санкцыях, распавялі ET знаёмыя з сітуацыяй крыніцы ў Нью-Дэлі: праз заходнія абмежаванні, «Раснафта» ўжо некалькі гадоў не можа вывесці з Індыі прыбытак ад сваёй «дачкі», якая валодае 6,5 тысячы заправачных станцый па ўсёй краіне і найбуйнейшым недзяржаўным нафтаперапрацоўчым заводам.
Топ-мэнэджары «Раснафты» наведвалі Нью-Дэлі ў сакавіку, каб абмеркаваць магчымую ўгоду, якая, зрэшты, пакуль далёкая ад узгаднення, кажуць крыніцы The Economic Times. З іх слоў, расейская кампанія ўжо правяла перамовы з індыйскімі Reliance Industries, Adani і JSW Group, а таксама савудаўскай нафтавай дзяржкампаніяй Saudi Aramco, якая летась анансавала планы інвеставаць да $100 млрд у Індыю.
Знайсці пакупніка, зрэшты, няпроста: некаторыя індыйскія кангламераты ўжо адмовіліся ад угоды з «Раснафтай», у тым ліку праз санкцыі і нізкую рэнтабельнасць яе «дачкі», сказалі крыніцы The Economic Times. Патэнцыйная сума ўгоды ацэньваецца на $20 млрд.