23 сакавiка 2025, Нядзеля, 0:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскі адмірал: Адна ядзерная падлодка можа спаліць 40 расейскіх гарадоў

18
Брытанскі адмірал: Адна ядзерная падлодка можа спаліць 40 расейскіх гарадоў

Паводле яго слоў, гэта вялікі пажытак для роздуму Пуціну.

Адна брытанская атамная падлодка, абсталяваная балістычнымі ракетамі Trident, здольная знішчыць 40 расейскіх гарадоў, заявіў контр-адмірал Каралеўскага флота ў адстаўцы Крыс Пэры. "Гэта вялікі пажытак для роздуму [Уладзіміру] Пуціну, і гэта павінна прымусіць любога сусветнага лідара баяцца", - адзначыў ён у размове з The Telegraph.

Пэры, які праслужыў у Каралеўскім флоце 37 гадоў (з 1972 па 2008 год), падкрэсліў, што, нягледзячы на высокі кошт Trident, узрост флота і наяўнасць усяго чатырох падлодак, брытанскія ядзерныя сілы застаюцца магутным інструментам стрымлівання. Паводле яго слоў, гэта адзіная сістэма ўзбраення, якая сапраўды непакоіць Расею. "Гэта страхавы поліс, часта дарагі, але да таго часу, пакуль ён вам не спатрэбіцца", – растлумачыў контр-адмірал.

Цягам двух дзесяцігоддзяў Вялікабрытанія падтрымлівала свой ядзерны арсенал на ўзроўні 225 боегаловак, да 120 з якіх могуць быць размешчаны на чатырох атамных падлодках класа Vanguard. У апошнія гады краіна пачала працэс мадэрнізацыі: будуюцца новыя падлодкі класа Dreadnought, распрацоўваецца новая ядзерная боегалоўка, а таксама плануецца павелічэнне агульнай колькасці боегаловак, паведамляе Bulletin of the Atomic Scientists. Акрамя таго, у бліжэйшыя гады авіябаза RAF Lakenheath можа зноў атрымаць ядзерны статус для размяшчэння амерыканскіх узбраенняў.

Брытанскія падлодкі маюць 16 шахтаў для балістычных ракет і цяпер з'яўляюцца адзінай платформай ядзернага стрымлівання краіны. Вялікабрытанія выкарыстоўвае амерыканскія ракеты Trident II D5, што робіць гэтую сістэму поўнасцю інтэграванай у стратэгічнае ядзернае партнёрства з ЗША.

У 2024 годзе ўрад Вялікабрытаніі аб'явіў пра маштабныя інвестыцыі у развіццё ядзернай сферы. Былы прэм'ер-міністр Рышы Сунак прадставіў план, паводле якога да 2030 года ў галіну будзе ўкладзена 763млн. фунтаў стэрлінгаў ($ 966,5млн.), што дазволіць стварыць 40 тыс. новых працоўных месцаў. Асноўнымі партнёрамі праекту сталі кампаніі BAE Systems, Rolls-Royce, EDF і Babcock. Адным з ключавых напрамкаў стала развіццё горада Барроу-ін-Фёрнэс - цэнтра брытанскага падлодачнага флоту. Урад заснаваў спецыяльны Фонд пераўтварэння Барроу, выдаткаваўшы на яго развіццё 20 млн. фунтаў ($ 25,3 млн) у першы год і па 20 млн штогод на працягу наступных дзесяці гадоў.

У дакладзе Мінабароны Вялікабрытаніі, распаўсюджаным год таму, гаварылася, што ў сучасным свеце ядзернае стрымліванне становіцца ўсё важнейшым. Былы міністр абароны Грэнт Шапс адзначаў рост ядзерных пагроз з боку Расеі, Кітая, Паўночнай Карэі і Ірана. На думку Лондана, нестабільнасць у свеце захаваецца і пасля 2030-х гадоў, таму Вялікабрытанія працягне падтрымліваць і развіваць сваю ядзерную праграму столькі, колькі спатрэбіцца. Пры гэтым краіна заяўляе пра прыхільнасць Дагавору аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (ДНЯЗ) і канчатковай мэце — свету без ядзернай зброі.

Апроч будаўніцтва субмарын Dreadnought, Вялікабрытанія таксама ўдзельнічае ў міжнародным партнёрстве AUKUS, сумесна з ЗША і Аўстраліяй распрацоўваючы новыя шматмэтавыя падлодкі SSN-AUKUS. Яны павінны замяніць састарэлыя субмарыны класа Astute і паступіць на ўзбраенне Каралеўскага флота да канца 2030-х гадоў. Гэтыя падлодкі не будуць несці ядзерную зброю.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках