Адна такая падлодка можа спаліць 40 расейскіх гарадоў: Брытанскі адмірал папярэдзіў Пуціна
1- 22.03.2025, 10:11
- 6,100

Масква баіцца брытанскай праграмы «Трайдэнт».
Расея баіцца брытанскай праграмы «Трайдэнт», якая ўяўляе з сябе сістэму разгортвання і эксплуатацыі сілаў ядзернага стрымлівання Злучанага Каралеўства.
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер, піша The Telegraph.
У згаданай праграме задзейнічаныя чатыры падлодкі стратэгічнага прызначэння, абсталяваныя ракетамі і боегалоўкамі. Паводле словаў кіраўніка брытанскага ўраду, Крэмль прызнае ядзерныя магчымасці Лондана. «Важна, каб яны ўсведамлялі, што гэта сапраўды надзейная сістэма», – дадаў прэм'ер.
У сваю чаргу адмірал Каралеўскага флоту ў адстаўцы Крыс Пэры заявіў у размове з выданнем, што адна брытанская атамная падлодка здольная спаліць чатыры дзясяткі расейскіх гарадоў.
На думку вайскоўца, гэта павінна прымусіць задумацца крамлёўскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.
Пэры, які праслужыў у брытанскіх ВМС з 1972 да 2008 года, адзначыў, што, нягледзячы на высокі кошт сістэмы «Трайдэнт», узрост флоту і наяўнасць усяго чатырох субмарынаў, ядзерныя сілы Каралеўства па-ранейшаму з'яўляюцца магутным інструментам стрымлівання.
Паводле словаў адмірала, гэта адзіная сістэма ўзбраення, якая непакоіць РФ.
Праграма «Трайдэнт»
Праграма «Трайдэнт» уключае чатыры падводныя лодкі: HMS Vanguard, Victorious, Vigilant і Vengeance. Першая лодка HMS Vanguard была ўведзеная ў строй у 1993 годзе, а апошняя – у 1999 годзе. Адна падлодка можа несці да 16 балістычных ракетаў, кожная з якіх абсталяваная 12 боегалоўкамі з індывідуальным навядзеннем.
Гэта азначае, што адна субмарына здольная выпусціць да 192 боегаловак за адзін залп. Аднак, паводле цяперашняй палітыкі Вялікай Брытаніі, колькасць боегаловак на борце кожнай падлодкі абмежаваная 48 адзінкамі. Адна з гэтых падлодак павінна знаходзіцца ў моры ўвесь час. Гэта называецца «бесперапыннае стрымліванне ў моры».
Гэта стратэгія з'яўляецца краевугольным каменем абароны Вялікай Брытаніі і апошняй гарантыяй бяспекі краіны. Дзве іншыя падлодкі знаходзяцца ў боегатоўнасці і могуць быць разгорнутыя ў найкарацейшыя тэрміны, у той час як чацвёртая звычайна праходзіць тэхнічнае абслугоўванне.
Наколькі блізка Каралеўскі флот калі-небудзь падыходзіў да парушэння гэтага ключавога патрабавання на значны час, невядома, паколькі практычна ўся інфармацыя пра ядзерныя падлодкі засакрэчаная.