Ізраіль ліквідаваў кіраўніка выведкі ХАМАС
- 22.03.2025, 10:36
- 1,910

Ён таксама ўважаўся за «важную крыніцу інфармацыі» ў групоўцы.
У пятніцу, 21 сакавіка, Войска абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) паведаміла пра ліквідацыю на поўдні Сектара Газа кіраўніка ваеннай выведкі групоўкі ХАМАС Усамы Табаша. Ліквідацыя высокапастаўленага чальца ХАМАС адбылася ў чацвер, 20 сакавіка.
Пра гэта піша выданне The Times of Israel.
Выданне адзначае, што Табаш не толькі ўзначальваў выведнае падраздзяленне ў паўднёвай частцы Газы, але і быў адказным за назіранне і вызначэнне цэляў. Ён таксама ўважаўся за «важную крыніцу інфармацыі» ў групоўцы.
Вядома, што Табаш удзельнічаў у планаванні шэрагу тэрарыстычных нападаў, сярод іншага ў 2005 годзе, калі быў забіты каардынатар ізраільскай установы бяспекі Шын-Бэт.
«Цягам многіх гадоў ён удзельнічаў у тэрарыстычнай дзейнасці і кіраваў нападамі, уключаючы выбух бомбы, учынены тэрарыстам-смяротнікам у 2005 годзе на скрыжаванні Гуш-Каціф у сектары Газа, у выніку якога загінуў каардынатар Шын-Бэт Адэд Шарон», – піша The Times of Israel.
Падчас нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 г. Табаш быў адказным за планаванне і каардынацыю цэляў, а таксама вызначэнне «аб'ектаў для ўварвання».
ЦАХАЛ заяўляе, што забойства Табаша з'яўляецца ўдарам па «магчымасцях ХАМАСа ў зборы выведнай інфармацыі і ягоным спробам нанесці шкоду войскам ЦАХАЛу, якія дзейнічаюць у гэтым раёне».
Раней паведамлялася, што ў ноч на 18 сакавіка ізраільскія вайскоўцы аднавілі ваенную аперацыю супраць тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС у Сектары Газа.