Беларуска з'ездзіла за мяжу, выкарыстаўшы нечаканы трук з двума пашпартамі
13- 22.03.2025, 17:32
- 27,326

Ёй паверылі не ўсе – а дарма.
Мянчанка Настасся падзялілася ў TikTok гісторыяй, як нядаўна афармляла візу ў Вялікую Брытанію. Пры гэтым, пакуль адзін свой біяметрычны пашпарт яна аддала ў візавы цэнтр, з другім ездзіла за мяжу. У каментарах карыстальнікі дзівіліся: ці магчыма, каб у чалавека было адразу два такія важныя дакументы?
У сваім відэа Настасся пахвалілася брытанскай візай. Паводле ейных словаў, падача дакументаў і адплата збору крыху адрознівалася ад атрымання шэнгену, піша «Зеркало».
– Я чакала свой пашпарт блізу двух месяцаў. Добра, што перад гэтым аформіла два біяметрычныя. З адным магла выязджаць за мяжу, а другі быў у візавым цэнтры ці ў амбасадзе, – расказала дзяўчына.
У каментарах тут жа ўзніклі пытанні: ці можна мець адразу два біяметрычныя пашпарты? Высвятляецца, так.
З восені 2021-га замест звычайных беларусы могуць атрымліваць біяметрычныя дакументы. Да іх адносяцца ID-карта і біяметрычны пашпарт. Першы – гэта пластыкавае пасведчанне асобы, якое выкарыстоўваецца ўнутры краіны. Другі – звыклага нам выгляду сіні пашпарт, што патрэбны для паездак за мяжу. І вось такіх дакументаў можна мець адначасова два. За кожны, праўда, давядзецца заплаціць.
– Адзін можна падаць у амбасаду на візу, а з другім выязджаць за мяжу паводле дзейнай візы да атрымання новай, – інструктуе сайт Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.
Гэты ж лайфхак можна выкарыстоўваць і ў тым выпадку, калі чалавек здаў адзін пашпарт, напрыклад, на шэнген, а з другім паляцеў ці паехаў у краіну, дзе віза не патрэбная. Напрыклад, у Турцыю. Пытанняў на мяжы да вандроўцы не ўзнікне. Рэч у тым, што нават калі ў беларуса два дакументы для выезду за мяжу, памежнікам даволі паказаць толькі адзін з іх.
У аддзеле грамадзянства і міграцыі Маскоўскага раёна Менска, куды журналістка «Люстэрка» патэлефанавала як звычайная грамадзянка, патлумачылі, што ў двух біяметрычных пашпартах могуць стаяць увогуле розныя візы. Іх не дублююць.
Што гаворыць візавая экспертка?
Паводле словаў візавай эксперткі і рэдактаркі visaflow.live Насты Лысакоўскай беларусы, якія часта ездзяць за мяжу, даўно выкарыстоўваюць лайфхак з двума пашпартамі. Пры гэтым, калі, атрымліваючы дакументы, чалавек пра гэта не ведаў і зрабіў толькі адзін, пазней ён можа падаць заяву і на другую.
– Гэта вельмі зручна, – адзначае Настасся. – Не трэба дастасоўваць паездкі або адпачынак пад падачу на візу. Гэта першая перавага. Другая – адзін біяметрычны пашпарт можна выкарыстоўваць для атрымання шэнгену, другі – для ангельскай візы, візы Тайланда або іншай.
Але ці не ўзнікне праблемаў у амбасадзе, калі, напрыклад, запісацца на грэцкі шэнген, і паралельна паехаць у Грэцыю з ужо дзейнай візай гэтай краіны ў сваім другім дакуменце?
– Не, – адказвае суразмоўца. – Варта толькі браць да ўвагі, што падавацца на новы шэнген чалавек можа не раней, чым за паўгода да яго заканчэння.
Настасся адзначае, што некаторыя візавыя цэнтры сталі прасіць падаваць адразу два пашпарты.
– Прыкладна месяц-два таму мы з калегамі сталі заўважаць, што візавы цэнтр Польшчы пачаў прасіць у беларусаў з біяметрычнымі дакументамі падаваць ім адразу два «замежныя пашпарты», – сказала яна. – Навошта? Магчыма, каб пераканацца, што ў другім няма візаў, ці каб чалавек не змог паралельна запытваць яшчэ адзін шэнген.
Як у ВЦ даведаюцца, што ў заяўніка ёсць два дакументы, у эксперткі няма версій.
– Калега расказвала, што аднаму з яе кліентаў нядаўна патэлефанавалі і папрасілі прынесці на падачу два біяметрычныя пашпарты, той адказаў, што ён у яго адзін. Яму паведамілі: ім вядома, у яго іх два. Адкуль? Не ведаю, – разводзіць рукамі Настасся.
Паводле ейных словаў, у іншых візавых цэнтрах яна з такім не сутыкалася.