Тэрмітны дождж: Украінцы знішчаюць расейскую тэхніку вогненнымі дронамі
3- 22.03.2025, 14:29
- 6,016

Унікальная зброя дабівае выведзеныя са строю варожыя машыны.
Вайна ва Украіне стала штуршком для стварэння ўнікальных беспілотнікаў, сярод якіх – вогненныя дроны. Гэтымі «птушачкамі» ўкраінскія аператары спальваюць расейскую тэхніку з экіпажамі, піша Business Insider.
На баявых кадрах відаць, як невялікі ўкраінскі дрон павольна падкрадаецца да расейскага танка, чакаючы моманту для ўдару. Беспілотнік прызямляецца на браню, выпускае клубы дыму, пасля чаго ўспыхвае агонь. Ужо праз імгненне танк ахоплівае полымя.
Гэтая тактыка дэманструе, як украінскія вайскоўцы дабіваюць выведзеныя са строю варожыя машыны, выкарыстоўваючы беспілотнікі з прымацаванымі запальнымі боепрыпасамі.
Уладзімір, прадстаўнік украінскай кампаніі, якая вырабляе такія боепрыпасы, тлумачыць: «Гэта трэба для падпалу пашкоджанай тэхнікі, каб вораг не мог яе аднавіць». Кампанія вырабляе боепрыпасы, якія рассейваюць расплаўлены тэрміт – металічны сплаў, які гарыць пры тэмпературы большай за 3000 градусаў паводле Фарэнгейта.
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расея страціла больш за 11000 адзінак бронятэхнікі. Некаторыя машыны былі знішчаныя, іншыя – толькі пашкоджаныя, і акупанты спрабуюць іх эвакуяваць. Менавіта для таго, каб зрабіць немагчымым аднаўленне, ужываецца тэрміт.
Гэтыя боепрыпасы можна прымацаваць да дрона, які скідае тэрміт на тэхніку ці садзіцца на яе, рассейваючы запальнае рэчыва. Паводле словаў Уладзіміра, гэты метад дае магчымасць эфектыўна знішчаць і бронятэхніку, і фартыфікацыйныя ўмацаванні.
Спачатку кампанія вырабляла дымавыя шашкі для бяспечнай эвакуацыі параненых і вучэнняў, але пасля перайшла на выраб запальных боепрыпасаў. Расейская бронятэхніка звычайна абароненая ад абломкаў, аднак гэтая абарона робіць яе ўразлівай да тэрмітных нападаў. «Ад аскепкаў дапамагае, але ўсё вельмі добра гарыць», – кажа Уладзімір.
Тэрмітныя боепрыпасы вагой ад 500 г да 2,5 кг каштуюць 20–30 еўраў. Кампанія выпускае да 20000 адзінак штомесяц і аператыўна пастаўляе іх на фронт. «За невялікія грошы салдат атрымлівае эфектыўны інструмент для знішчэння варожай тэхнікі», – дадае Уладзімір.
Гэтыя боепрыпасы выкарыстоўваюцца не толькі супраць бронятэхнікі. Зафіксаваныя выпадкі, калі дроны рассейвалі тэрміт на лесапалосы, верагодна, знішчаючы схаваныя расейскія пазіцыі. Вогненны тэрмітны дождж атрымаў назву «Залаты дождж», а самі боепрыпасы – «Дракарыс».
Тактыка выкарыстання дронаў з тэрмітных боепрыпасамі – толькі адзін з многіх інавацыйных метадаў, якія выкарыстоўвае Украіна ў вайне. Дроны розных тыпаў сталі ключавым элементам гэтай вайны: некаторыя атакуюць пазіцыі ворага, іншыя выбухаюць пры сутыкненні з тэхнікай, а некаторыя нават функцыянуюць як «мацярынскія барты», выпускаючы іншыя беспілотнікі.