У адным з вадаёмаў Менска плавае качка з дроцікам у шыі
5- 22.03.2025, 14:32
- 6,166

Пра яе вядома ўжо блізу месяца, але ўлады бездапаможныя.
Магчыма, у сацсетках вам траплялася відэа з качкай, у шыі якой тырчыць аранжавы дроцік. Заўважылі яе ў беларускай сталіцы – цяпер людзі заклікаюць знайсці вінаватых і дапамагчы птушцы. Чаму гэта зрабіць не ўдаецца, расказвае агенцтва «Менск-Навіны».
Пра пацярпелую птушку вядома ўжо блізу месяца. Качку з дроцікам заўважылі на Сляпянскай воднай сістэме, побач з вуліцай Клумава. Неабыякавыя людзі ўжо тэлефанавалі ў МНС, аднак, паводле іх словаў, ва ўстанове не змаглі развязаць пытанне. Як пішуць «Менск-Навіны», ратавальнікі «і не павінны гэтым займацца» наўпрост.

Тым не менш інфармацыя пра качку дайшла да патрэбнага месца – адміністрацыі Партызанскага раёна. Паводле закону, дапамогу дзікай жывёле, якая трапіла ў бяду, прапануюць камісіі, створаныя ў мясцовых выканальных і распарадчых органах.
Як расказваюць у адміністрацыі, спробы выратаваць птушку з дапамогай «спецыяльных тэхнічных сродкаў» былі зробленыя. Аднак беспаспяхова: убачыўшы набліжэнне людзей, качка злятае.
Апошні раз камісія, якая складаецца з супрацоўнікаў службы рэагавання на надзвычайныя сітуацыі і ветэрынараў, выязджала на месца 21 сакавіка. Яны адзначаюць, што пагрозы для жыцця качкі ўсё ж няма, бо яна здольная лятаць і харчавацца, але спробы дапамагчы птушцы не будуць пакінутыя.
А вось рабіць гэта самастойна менчукам і мянчанкам не рэкамендуюць: за парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.