Расейцы баяцца новай аперацыі УСУ на тэрыторыі РФ
- 22.03.2025, 17:03
- 4,318

Гэта можа аслабіць пазіцыі Крамля на міжнароднай арэне.
У найбліжэйшыя дні трэба чакаць росту актыўнасці войскаў РФ і быць гатовымі да з'яўлення шматлікіх інфармацыйных правакацый і паведамленняў аб выдуманых перамогах расейскіх сіл.
Пра гэта папярэдзіў старшыня Рады рэзервістаў Наземных войскаў УСУ Іван Цімачка, паведамляе «Эспрэса».
З ягоных слоў, расейцы спадзяюцца выцесніць УСУ з тэрыторыі Курскай вобласці, і, падобна, што актывізацыя ворага ў раёнах Харкаўскай і Сумскай абласцей будзе толькі расці.
«Вораг працягвае рэалізоўваць планы стварэння так званай «санітарнай зоны» на Харкаўшчыне, якія цяпер перайшлі ў актыўную фазу», - заявіў Цімачка.
Ён дадаў, што цяпер расейцы, рызыкуючы, сцягваюць свае рэсурсы да перадавой, імаверна, баючыся паслаблення ўласных пазіцый, што магло б выклікаць контрнаступленне Узброеных сіл Украіны.
«Гэтая тактыка можа быць звязаная са страхам расейцаў што да магчымых лакальных аперацый Украіны, падобных той, што была праведзена ў раёне Белгарадшчыны. Гэта прымушае іх цягнуць усе даступныя сілы і тэхніку да фронта. З іншага боку, яны апасаюцца, што УСУ могуць правесці вайсковую аперацыю дзе заўгодна на памежных тэрыторыях Расеі. Гэта можа аслабіць пазіцыі РФ на міжнароднай арэне падчас перамоўных працэсаў», - адзначыў Цімачка.