Кітай стаў адпрацоўваць «паветраныя баі» спадарожнікаў на арбіце
2- 22.03.2025, 21:10
- 2,330

Пра гэта паведамілі Касмічныя сілы ЗША.
Кітай пачаў праводзіць на калязямной арбіце "паветраныя баі" паміж спадарожнікамі ў рамках пашырэння сваіх магчымасцяў у космасе, паведаміў намеснік начальніка касмічных аперацый ЗША генерал Майкл Гетлейн.
Як піша The Moscow Times, са звестак Касмічных сіл ЗША, якія былі агучаныя ў аўторак на канферэнцыі абаронных праграм McAleese у Арлінгтоне, на арбіце назіраліся "пяць аб'ектаў, якія манеўравалі вакол адзін аднаго сінхронна і кантралявана". “Гэта тое, што мы называем паветранымі баямі ў космасе. Кітай адпрацоўвае тактыку, метады і працэдуры для выканання касмічных аперацый на арбіце з узаемадзеяннем некалькіх спадарожнікаў”, - сказаў Гетлейн, удакладніўшы, што гэтыя аперацыі фіксаваліся з дапамогай камерцыйна даступнай інфармацыі.
Інцыдэнт з "паветранымі баямі", на які спасылаўся прадстаўнік Касмічных сіл, звязаны з серыяй кітайскіх манеўраў у 2024 годзе, якія праводзіліся з удзелам экспэрыментальных спадарожнікаў Shiyan-24°C і Shijian-6 05A/B на нізкай калязямной арбіце. Такія тэхналогіі, піша CNN, могуць дазволіць Кітаю знішчаць спадарожнікі або выводзіць іх з ладу, што патэнцыйна дазволіць яму перарываць сувязь або аперацыі ўзброеных сіл супраціўніка, такія як запуск і выяўленне ракет. Такія дзеянні таксама могуць нанесці шкоду глабальным навігацыйным сістэмам - ад банкаўскіх аперацый да выкліку "хуткай".
Адказваючы на пытанне аб Кітаі і Расеі, Гетлейн адзначыў, што гэтыя краіны развілі "выключныя" магчымасці. У якасці прыкладу ён назваў выкарыстанне сродкаў пастаноўкі перашкод для парушэння спадарожнікавых сігналаў, магчымасць асляплення лазерамі выведвальных спадарожнікаў, а таксама манеўры, звязаныя з захопам спадарожніка і пераводам яго на іншую арбіту. Ён назваў гэта "самым складаным стратэгічным становішчам" за доўгі час ці нават за ўсю гісторыю. "Раней паміж намі і нашымі найбліжэйшымі "калегамі" існаваў разрыў, у асноўным абумоўлены тэхналагічным прагрэсам ЗША… гэты разрыў у патэнцыяле значна скараціўся", – канстатаваў ён.
Манеўраванне побач з іншымі спадарожнікамі можа быць доказам "распрацоўкі супрацькасмічнай зброі", сказаў намеснік дырэктара праекта ў бяспецы ў космасе ў Цэнтры стратэгічных і міжнародных даследаванняў у Вашынгтоне Клейтан Своўп. Паводле ягоных слоў, збліжэнне з іншым спадарожнікам азначае, што "вы патэнцыйна можаце захапіць яго, запусціць у яго сетку або набой або выкарыстоўваць энэргетычную зброю, такую як лазер або генератар перашкод". Але такія манеўры могуць выкарыстоўвацца і для дазапраўкі ці тэхабслугоўвання, а таксама для фатаграфавання аб'ектаў, зазначыў экспэрт. Ён дадаў, што Кітай запускае "ўсё больш і больш спадарожнікаў, якія дэманструюць здольнасць праводзіць складаныя манеўры".