27 сакавiка 2025, Чацвер, 2:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спадарожнікі зафіксавалі незвычайную актыўнасць беларускіх вайскоўцаў

7
Спадарожнікі зафіксавалі незвычайную актыўнасць беларускіх вайскоўцаў

У меркаваным месцы захоўвання ядзернай зброі будуюць інфраструктуру.

На вайсковых аб'ектах пад Асіповічамі (Магілёўская вобласць) вядзецца актыўнае будаўніцтва. Тут дыслакуюцца ракетныя комплексы «Іскандэр», а таксама артылерыйская база боепрыпасаў, якую NYT і Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў называлі як меркаванае месца захоўвання расейскай ядзернай зброі.

Спадарожнікавыя здымкі аб'ектаў, зробленыя 24 лютага 2025 года, апублікавала Радыё Свабода. Выданне прааналізавала змены, якія адбыліся ў вайсковых частках за два гады пасля таго, як Пуцін і Лукашэнка заявілі аб магчымасці размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.

У воінскай частцы нумар 12147 яшчэ ў 2022 годзе сталі будаваць новыя ангары, прызначаныя для комплексаў «Іскандэр-М». Адзін ангар, як адзначае выданне, можа змяшчаць у сабе адзін дывізіён пускавых установак. Агулам гаворка ідзе аб трох ангарах - гэта азначае, што ў вайсковай частцы можа размяшчацца поўная брыгада ракетных комплексаў. Акрамя ангараў з'явіліся будынкі для вайсковых машын і маёмасці, былі рэканструяваны склад, адміністрацыйны будынак, з'явіўся спарткомплекс. Таксама на тэрыторыі вайсковага мястэчка пабудавалі жыллё для вайскоўцаў.

На вайсковай базе 42707, дзе знаходзіцца 1405-я артылерыйская база боепрыпасаў, таксама вяліся будаўнічыя работы. Менавіта яе раней называлі магчымым месцам захоўвання ядзерных боегаловак. Паводле інфармацыі РС, на ўездзе ў арсенал былі рэканструяваныя будынкі, таксама былі пабудаваныя новыя казармы. У справаздачах аб дзяржаўных тэндарах журналісты знайшлі інфармацыю, што штат вайсковай часткі павялічваецца да 240 чалавек. Таксама за апошнія два гады на тэрыторыі базы з'явіліся насыпы, на якіх могуць размяшчацца сістэмы СПА.

На спадарожнікавых здымках бачна, што да базы падводзяць асобную чыгуначную лінію, якая звязвае яе непасрэдна з Асіповічамі і месцам дыслакацыі «Іскандэраў». У дакументах, выяўленых журналістамі, сцвярджаецца, што чыгунку будуюць у рамках праграмы «саюзнай дзяржавы» «ўдасканалення аб'ектаў вайсковай інфраструктуры, якія плануюцца да супольнага выкарыстання ў інтарэсах забеспячэння рэгіянальнай групоўкі войск (Сіл) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі».

У адным з прыкладанняў для праектаў РС выявіла пазнаку адрэзка для «ёднай прафілактыкі» ў размешчанай непадалёк вёсцы. Гэтая прафілактыка прызначаецца людзям, якія атрымалі апрамяненне.

Журналісты таксама знайшлі фатаграфію, на якой камандзір 1405-й базы віншуе сваіх падначаленых з днём заснавання воінскай часткі. На здымку можна ўбачыць табло дазіметра на штабе базы. Былы вайсковец пракаментаваў журналістам, што наяўнасць такіх прыбораў не з'яўляецца незвычайнай для артылерыйскіх арсеналаў, аднак пункт ёднай прафілактыкі - не распаўсюджаная практыка.

«Радыё Свабода» асобна падкрэслівае, што не мае довадаў захоўвання ядзернай зброі на 1405-й базе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках