У Чэхіі адбыўся выбух на заводзе для вытворчасці боепрыпасаў
8- 25.03.2025, 20:14
- 10,006

Адзін чалавек атрымаў цяжкія раненні.
На складзе завода для металаапрацоўкі і вытворчасці боепрыпасаў, размешчанага каля горада Палічка за 135 км на ўсход ад Прагі ў аўторак, 25 сакавіка, адбыўся выбух. У выніку сама меней адзін чалавек атрымаў цяжкія раненні і быў дастаўлены на гелікаптэры ў лякарню, паведамілі выратавальныя службы.
Паліцыя ачапіла зону інцыдэнту і перакрыла вуліцы, увесь персанал прадпрыемства эвакуяваны.
Паводле звестак СМІ, выбух адбыўся на складзе холдынгу STV Invest, дзе захоўвалася выбуховае рэчыва тратыл (трынітраталуол, ТНТ). Сярод іншага на заводзе каля Палічкі вырабляюць артылерыйскія боепрыпасы. Акрамя таго, кампанія займаецца рамонтам і мадэрнізацыяй старых баявых машынаў пяхоты, танкаў і гаўбіцаў, а ў цывільным сектары спецыялізуецца на дзвярных сістэмах для аўтобусаў.
Аналагічныя інцыдэнты ў апошнія месяцы неаднаразова адбываліся на абаронных прадпрыемствах краінаў, якія дапамагаюць Украіне, якая ўжо больш за тры гады абараняецца ад поўнамаштабнага расейскага ўварвання. Спецслужбы заходніх краінаў папярэджваюць пра пагрозы дыверсій з боку РФ.