Гарадзенец скраў у махляроў грошы
9- 26.03.2025, 17:44
- 10,364

Цяпер на яго завялі крымінальную справу.
Жыхар Гародні абакраў ашуканцаў і сам атрымаў крымінальную справу.
Маладзён знайшоў у інтэрнэце прапанову аб падпрацоўцы. Згодна з умовай, ён павінен быў аформіць віртуальную карту на сваё імя і перадаць яе рэквізіты трэцяй асобе за 100 рублёў.
Неўзабаве яму прыйшла новая прапанова. Хлопцу зноў даручылі аформіць банкаўскую картку на сваё імя. Пры гэтым маладзёна папярэдзілі, што на гэтую карту будуць паступаць грошы, якія потым трэба будзе перавесці на пэўны банкаўскі рахунак. У гэты момант ён пачаў здагадвацца, што звязаўся з ашуканцамі. Але надумаў пагадзіцца, каб развязаць свае фінансавыя праблемы, расказалі ў міліцыі.
На карту перавялі больш за 6,2 тысячы рублёў. "Працадаўца" расказаў, куды трэба адправіць гэтыя грошы. Але маладзён пералічыў грошы на асабісты рахунак і расплаціўся за пазыкі.
На гарадзенца завялі крымінальную справу, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.