Швэцыя пачынае найбуйнейшае пераўзбраенне з часоў Халоднай вайны
- 27.03.2025, 15:38
- 3,274

І ўзмацняе падтрымку Украіны.
Швэцыя плануе самае вялікае пераўзбраенне з часоў Халоднай вайны. У рамках плана таксама будзе павялічаная вайсковая дапамога Украіне.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на прэм'ер-міністра Швецыі Ульфа Крыстэрсана ў X (Twitter).
Урад Швэцыі ў сераду, 26 сакавіка, падаў маштабны план пераўзбраення краіны. Са слоў Крыстэрсана, выдаткі Швэцыі на абарону ўжо перавышаюць мэтавы паказчык NATO yf 2% ВУП, але гэтага недастаткова. Таму краіна плануе да 2030 года павялічыць выдаткі на абарону да 3,5% ВУП.
«Сёння (26 сакавіка, - рэд.) мы падалі амбіцыйны план, накіраваны на падвышэнне выдаткаў Швэцыі на абарону прыкладна да 3,5 адсоткаў ВУП да 2030 года. План прадугледжвае забяспечаныя пазыкай інвестыцыі на суму прыкладна 300 млрд швэдскіх крон (прыкладна 28,5 млрд даляраў, - рэд.)», - паведаміў прэм'ер.
Ва ўрадзе Швэцыі дадалі, што пачынаючы з 2025 года плануюць закупіць узбраенні на 25 млрд швэдскіх крон (амаль 2,5 млрд даляраў) з пастаўкай у 2026-2028 гадах. Швэцыя плануе закупіць сродкі СПА, беспілотнікі, рэактыўную артылерыю, сродкі індывідуальнай аховы і боепрыпасы.
Таксама ўрад прапануе выдаць дадатковыя 96 млрд швэдскіх крон на 2025 год на новы пакет мер для ўзмацнення мер супрацьдзеяння гібрыдным пагрозам.
Таксама важна, што ўрад Швэцыі плануе павялічыць эканамічныя рамкі для вайсковай падтрымкі Украіны з 25 млрд швэдскіх крон (прыкладна 2,5 млрд даляраў) да крыху больш як 40 млрд швэдскіх крон (4 млрд даляраў) на 2025 год.