У Беларусі ўвялі змены для «дармаедаў»
21- 27.03.2025, 21:02
- 36,168

Як для тых, хто з'ехаў за мяжу, так і для тых, хто застаўся ў краіне.
Урад Беларусі ўнёс змены для «дармаедаў». А яшчэ - прапісаў, як сілавікоў могуць прыцягваць для «стымулявання» людзей працаваць. Адпаведная пастанова апублікаваная на сайце pravo.by.
24 сакавіка ўрад прыняў пастанову, якой уносіць змены ў правілы аднясення некаторых катэгорый да так званых дармаедаў. Гэта ўплывае ў тым ліку на кошт камунальных для тых, хто мае сваё жыллё.
Што змянілі для тых, хто атрымлівае адукацыю за мяжой
Раней улады дазвалялі выключаць са спісу «дармаедаў» тых, хто атрымлівае адукацыю ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС — Арменіі, Беларусі, Казахстане, Кыргызстане, Расеі), а таксама навучэнцаў, акрамя тых, хто праходзіць дадатковыя курсы, семінары, трэнінгі і праграмы асобаснага развіцця. Цяпер жа да іх дадалі тых, хто атрымлівае адукацыю за мяжой (не толькі ЕАЭС) паводле накіравання дзяржорганаў Беларусі ў рамках міжнародных пагадненняў.
«Дармаеды» цяпер аплачваюць поўнымі тарыфамі некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі - ацяпленне, гарачую ваду і газ. Кошт першых дзвюх паслуг для «утрыманцаў» у 5,5 разы вышэйшы, чым для астатняга насельніцтва.
Пры гэтым чыноўнікі не пакінулі ідэю ўвесці для «дармаедаў» абмежаванні па бясплатнай медыцыне.
Што ўдакладнілі наконт страхавых унёскаў і працы ў міжнародных арганізацыях
Таксама да афіцыйна занятых у эканоміцы будуць адносіць тых, хто стаіць на ўліку ў Фондзе сацабароны насельніцтва і плаціць страхавыя ўнёскі.
Яшчэ адна змена датычыцца працэдуры выключэння з базы незанятых у эканоміцы тых, хто працуе ў прадстаўніцтвах міжнародных арганізацый у Беларусі. Для гэтага Міністэрства замежных спраў перадае спісы такіх працаўнікоў з іх ідэнтыфікацыйнымі нумарамі. Гэтыя звесткі паступаюць раз на паўгода - да 15-га чысла другога месяца пасля заканчэння справаздачнага перыяду.
Змяненне ў працы «дармаедскіх» камісій і прыцягненне міліцыі да пошуку «ўтрыманцаў»
Акрамя гэтага, улады ўнеслі змены ў працу камісій аб «утрыманцах», якія дапамагаюць людзям з працаўладкаваннем. Цяпер у іх будзе права супрацоўнічаць з міліцыяй і прыцягваць да адказнасці тых, хто ігнаруе іх выклікі і «вядзе асацыяльны лад жыцця». Нагадаем, у берасцейскай міліцыі раней распавялі, што дапамагаюць «надаваць садзейнічанне ў прыходзе грамадзян» у «дармаедскія» камісіі. І заявілі, што для некаторых з тых, хто не з'явіцца на такія пасяджэнні, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць - ад штрафу да арышту.
Саўмін таксама прапісаў, што апавяшчаць міліцыю аб непрыходзе на працу абавязаных - тых, хто павінен кампенсаваць дзяржаве выдаткі за што-небудзь - павінны як арганізацыі, у якіх яны працуюць, так і службы занятасці.
У пастанове ўрада таксама прапісалі, што камісіі змогуць выключаць са спісу не занятых у эканоміцы людзей, якія з'ехалі з краіны, калі яны давядуць, што былі ўключаны туды памылкова. Або калі дадуць пацвярджэнні, што вучацца ці працуюць за мяжой на ўмовах, якія дазваляюць не быць у базе і не аплачваць камуналку поўным тарыфам.