Беларускія кампаніі пакідаюць Паўднёвую Амерыку
10- 28.03.2025, 10:30
- 4,202

Планам рэжыму аб эканамічнай экспансіі на гэты кантынент не наканавана спраўдзіцца.
Як даведаўсяplanbmedia.io, у канцы сакавіка на гадавым сходзе акцыянеры кампаніі "ВіяСЕТрэйд" прымуць рашэнне аб ліквідацыі філіяла ў сталіцы Эквадора - Кіта. "ВіяСЕТрэйд" — гэта цяпер так называецца некалі флагман беларускай экспансіі ў Паўднёвай Амерыцы, кампанія "Белзамежбуд". А яе філіял у Кіта - адзін з апошніх сумных напамінкаў аб тым, як гэтая экспансія скончылася.
Як пачыналася беларуская канкіста
Спачатку было вельмі бадзёра.
У сярэдзіне 2000-х Аляксандр Лукашэнка знайшоў у Паўднёвай Амерыцы духоўнага паплечніка. Венесуэльскага дыктатара Уга Чавэса. І заадно - новую крыніцу найважнейшага рэсурсу для беларускай эканомікі, нафты. У 2010-2012 гадах менавіта Уга Чавэс падставіў Лукашэнку плячо, калі той паспрабаваў выбіць у Расеі бязмытную нафту для беларускіх НПЗ. За гэты перыяд Беларусь атрымала больш за 9 млн тон венесуэльскай нафты на суму 8,5 млрд даляраў. Ад вяртання на паклон у Крэмль гэтыя аб'ёмы Лукашэнку, аднак, не выратавалі. А вось народ Венесуэлы недалічыўся ад гэтай авантуры каля 1,5 млрд даляраў. Як высветлілі міжнародныя расследавальнікі, у Менску гэтую суму надумалі лічыць "не як беларускую запазычанасць, а як дапамогу Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла".
З'яўленне супольнікаў у Паўднёвай Амерыцы, прынамсі, на першую пару, адкрывала яшчэ і даволі ёмісты рынак збыту беларускіх паслуг і тавараў. Працэс напаўнення гэтага рынку ўлады Беларусі даверылі спецыялісту ў "гарачых мясцінах" – бізнэсоўцу Віктару Шаўцову. Да гэтага ён меў досвед працы з Іракам часоў Садама Хусэйна і з Лібіяй Муамара Кадафі. У 2007 годзе Шаўцоў стварыў інструмент экспансіі - кампанія “Белзамежбуд”. Частку акцый у ёй атрымалі дзяржаўныя будтрэсты - берасцейскі №8 і “Гомельпрамбуд”.
"Белзамежбуд" стаў галаўным выканаўцам беларуска-венесуэльскіх праграм індустрыялізацыі Венесуэлы і будаўніцтва ў ёй сацыяльнага жылля.
У канцы 2000-х - пачатку 2010-х кампанія пабудавала і перадала пад кіраванне венесуэльскім кіраўнікам цагельню, вытворчасці ў зборцы менскіх трактароў, грузавых аўтамабіляў і дарожна-будаўнічай тэхнікі "Амкадор". Пабудавалі жылыя комплексы для вайскоўцаў, чыноўнікаў і сацыяльна бяздольных пластоў у розных гарадах.
Пашыраючы экспансію, тады ж “Белзамежбуд” выйшла на рынак Эквадора. Кампанія атрымала субпадрад на суму 34 млн даляраў на збудаванне 759-кіламетровай лініі электраперадач ад якой будавалася кітайцамі ГЭС CocaCodo Sinclair. Быў адкрыты філіял у Кіта. На піку ў ім працавала блізу 150 чалавек. У тым ліку 30 грамадзян Беларусі. Планавалася, як і ў Венесуэле, унесці ўклад у індустрыялізацыю Эквадора - пабудаваць маторны і аўтамабільны заводы.
І як яна скончылася
Але перспектыўныя праекты "Белзамежбуда" ў Эквадоры спынілі абмяркоўвацца, калі дзяржаўны замоўца перастаў плаціць. У 2016 годзе дайшло да штурмаў офіса віцэ-прэм'ера Эквадора супрацоўнікамі філіяла беларускай кампаніі. Аднак як скончылася гісторыя, дзе фігуравала пазыка блізу 20 млн даляраў, не паведамлялася.
З другой паловы 2010-х пачаліся праблемы з індустрыялізацыяй і жыллёвай праграмай у Венесуэле. Смерць Уга Чавэса ў 2013-м, унутраныя палітычныя перыпетыі і эканамічны крызіс, з якога Венесуэла не выйшла дагэтуль, прывялі да таго, што беларусам перасталі плаціць адраззу. А потым увогуле. Узніклі пытанні і ў завінавачанасці за нафту. У адказ на настойлівыя просьбы Венесуэлы вярнуць завінавачанасць акцыямі “Нафтана”, Менскага аўтамабільнага завода і Беларускага металургічнага завода Каракасу была прапанова аддаць яе беларускімі таварамі, якая не сустрэла там падтрымкі.
У выніку вытворчасці аўтамабіляў і трактароў з беларускіх дэталяў у Венесуэле даўно спыненыя. Не дапамог іх перазапуску візіт летась былога прэм'ера Рамана Галоўчанкі.
Праграма жылля выкананая толькі прыкладна на 40%.
Апошняе паведамленне аб уводзе жылля ў Каракасе, пабудаванага беларусамі, датавана летам 2022 года. "Беларусь і Венесуэла пасля некаторай паўзы, звязанай з увядзеннем Захадам санкцый супраць абедзвюх краін, аднавілі рэалізацыю супольных праектаў у сферы жыллёвага будаўніцтва", - гаварылася ў ім.
І гэтае мерапрыемства, якое ўшанаваў увагай новы венесуэльскі прэзідэнт Нікалас Мадура, прайшло ўжо без “Белзамежбуда”. Двума месяцамі раней гэтая кампанія была перайменаваная ў “ВіяСэтрэйд”. І перафарматаваная з будаўнічай арганізацыі ў чыста праектую. З больш як 1 тысячай чалавек, якія працавалі калісьці ў "Белзамежбуде", у яе пераемніку "ВіяСЕТрэйд" цяпер засталося блізу 50 праектантаў. Якім філіял у Кіта не патрэбны.
Яны сыходзяць
У Кіта, дарэчы, знаходзіцца офіс іншай кампаніі з беларускім капіталам – “Сэрвіс Ойл Эквадор ЭквасервойлС .А.”. Яна стваралася з удзелам "Беларуснафты" і з 2015 года здабывае нафту на адным з мясцовых радовішчаў. Невялікае з пакладамі, якое вычарпанае амаль напалову. Калісьці ў штаце “Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасервойл С.А.” працавала 30 беларусаў, да 2025 года засталося два.
Ад БелАЗа ў Чылі засталіся толькі адвакаты. Найбуйнейшы ў свеце вытворца медзі CODELCO па-ранейшаму спрабуе дабіцца кампенсацыі 74 млн даляраў шкоды ад кансорцыума Consorcio Belaz Movitec (CBM), удзельнікам якога было беларускае прадпрыемства. У 2023 годзе CODELCO абвінаваціла CBM у затрымцы работ на адной з шахт і скасавала кантракт. Закончыць іх даручана канкурэнтам беларусаў - Tepsac, Bailac, Komatsu і Detroit.