У Польшчы ўзрасла цікавасць да падрыхтоўкі выкладчыкаў па прадмеце «здароўе»
1- 28.03.2025, 16:52

Новы прадмет з'явіцца ў школьнай праграме ўжо з верасня, але будзе неабавязковым.
Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы паведамляе пра нечакана высокую цікавасць да навучання педагогаў па прадмеце «здароўе». У пачатку сакавіка ведамства зацвердзіла спіс 11 ВНУ, дзе будуць праходзіць бясплатныя курсы для будучых выкладчыкаў. Сярод іх — Уроцлаўскі медыцынскі ўніверсітэт, Гданьскі медыцынскі ўніверсітэт і Сілезскі ўніверсітэт. Навучанне разлічанае на тры семестры і стартуе ў красавіку, паведамляе «Польскае радыё».
Як адзначыў прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Пётр Атрэмбскі, попыт на праграму перасягнуў усе чаканні:
«Усе ВНУ адзначаюць, што колькасць ахвочых значна перавышае даступныя месцы. У першую чаргу на навучанне прымаюць дзейных настаўнікаў, якія падалі даведку ад дырэктара школы аб намеры выкладаць гэты прадмет з 1 верасня 2025 года».
Новы прадмет з'явіцца ў школьнай праграме ўжо з верасня, але будзе неабавязковым. Выкладаць яго змогуць не толькі выпускнікі спецыялізаваных курсаў, але і настаўнікі біялогіі, прыродазнаўчых навук, фізкультуры і сямейнага выхавання.