Як за год паменшылася насельніцтва Беларусі
21- 12,788

Раскрытая афіцыйная статыстыка.
Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў афіцыйны статыстычны бюлетэнь, дзе адлюстраваная колькасць насельніцтва ў краіне (у кожнай з абласцей паасобку і ў горадзе Менску) на пачатак гэтага года.
Агульны лік: на 1 студзеня 2025 года ў Беларусі жыло 9109280 чалавек. Гэта на 23000 з лішкам менш, чым сярэднегадавая колькасць насельніцтва ў краіне ў 2024 годзе.
Насельніцтва размяркоўваецца наступным чынам: 7182690 – гарадское, 1926590 – вясковае.
У Менску на ўказаную дату жыло 1996730 чалавек. Гэта крыху больш, чым летась.
У абласцях статыстыка наступная:
– Берасцейская – 1 299 912,
– Віцебская – 1 072 063,
– Гомельская – 1 327 973,
– Гарадзенская – 984 880,
– Менская – 1 456 357,
– Магілёўская – 971365.
«Звесткі пра колькасць насельніцтва прыводзяцца пра сталае насельніцтва. Да сталага насельніцтва адносяцца асобы, якія жывуць у Рэспубліцы Беларусь адзін год і больш, – тлумачыцца ў дакуменце. – Актуальныя ацэнкі колькасці насельніцтва на 1 студзеня разлічваюцца на падставе выніковых звестак апошняга перапісу насельніцтва. У разліках улічваюцца павелічэнне або памяншэнне колькасці насельніцтва асобных тэрыторый у выніку змены іх адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання».
Адзначана таксама, што размеркаванне насельніцтва на гарадское і вясковае праводзіцца паводле месца жыхарства (месца знаходжання). Пры гэтым да катэгорыі гарадскіх населеных пунктаў адносяцца гарады і пасёлкі гарадскога тыпу (гарадскія, працоўныя і курортныя пасёлкі). Усе астатнія населеныя пункты з'яўляюцца вясковымі.