ISW: УСУ значна прасунуліся ўглыб Белгародскай вобласці
2- 29.03.2025, 11:22
- 4,596

Украінскія войскі замацаваліся на паўночны захад ад Белгарада.
Сілы абароны Украіны працягваюць прасоўванне ў Белгародскай вобласці. Як сведчаць геалакацыйныя здымкі, апублікаваныя 28 сакавіка, украінскія войскі замацаваліся ва ўсходняй частцы Папоўкі, размешчанай на паўночны захад ад Белгарада. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Расейскія «вайсковыя карэспандэнты» пацвердзілі прасоўванне УСУ да ўскраін Папоўкі, аднак назвалі гэты населены пункт «шэрай зонай», якая не кантралюецца ніводным з бакоў.
Акрамя таго, паводле звестак расейскіх блогераў, украінскія вайскоўцы здзейснілі атакі каля населеных пунктаў Дзямідаўкі (на ўсход ад Папоўкі) і Графаўкі (паўднёвы ўсход ад Папоўкі).
У гэты час расейскія войскі актывізаваліся на мяжы з Курскай вобласцю. Геалакацыйныя матэрыялы, апублікаваныя ў той жа дзень, паказваюць, што падраздзяленні РФ наблізіліся да паўночных ускраін Гуева, размешчанага на поўдзень ад горада Суджы.
Са слоў расейскіх ваенкараў, войска РФ вядзе наступальныя дзеянні ў Курскай вобласці непадалёк Алешні (паўднёвы захад ад Суджы) і Гогалеўкі, а таксама ў Сумскай вобласці - паблізу Уладзіміраўкі, Весялоўкі і Жураўкі.
У сваю чаргу, украінскія сілы працягваюць утрымліваць пазіцыі на поўдні Гуева, у населеных пунктах Горналі (на поўдзень ад Гуева) і Алешні.