NYT: Украіна ўдарыла па Крымскім мосце ракетамі ATACMS, пашкодзіўшы яго
12- 30.03.2025, 13:40
- 62,740

Атака адбылася ў рамках сакрэтнай аперацыі «Месяцовы град».
У 2024 годзе Узброеныя сілы Украіны нанеслі ўдар па Крымскім мосце амерыканскімі ракетамі ATACMS у рамках спецаперацыі з удзелам ЗША і Вялікай Брытаніі. Пра гэта паведаміла The New York Times, толькі зараз сталі вядомыя дэталі таемнай атакі, якая павінна была разбурыць ключавы аб'ект акупаванага паўвострава.
Як высветліла выданне The New York Times, удар па мосце праз Керчанскую пратоку быў часткай сакрэтнай аперацыі пад кодавай назвай Lunar Hail («Месяцовы град»), распрацаванай у 2024 годзе ЗША супольна з Украінай і Вялікай Брытаніяй.
Аперацыя была адказам на патрабаванні Кіева пачаць вяртанне да межаў 1991 года і павінна была прымусіць Расею аслабіць вайсковую прысутнасць у Крыме. Згодна з планам, удары павінны былі нанесці па прыкладна 100 ключавых аб'ектах расейскай вайсковай інфраструктуры на паўвостраве.
Цэнтральнай цэллю стаў Крымскі мост - найважнейшая лагістычная артэрыя, якая злучае Расею з акупаваным Крымам.
Паводле інфармацыі NYT, Уладзімір Зяленскі асабіста намагаў на знішчэнні моста, бо меркаваў, што гэта адзін з сімвалічных і стратэгічна значных крокаў.
Сакрэтная падтрымка Захаду
Раней удары па Крымскім мосце ўважаліся ў ЗША «чырвонай лініяй», аднак у гэты раз Белы дом даў зялёнае святло. Амерыканскія і брытанскія вайскоўцы, а таксама ЦРУ ўпотай працавалі з украінцамі над планам удару, уключаючы выкарыстанне як ракет, так і марскіх беспілотнікаў.
Першапачаткова меркавалася нанесці камбінаваны ўдар: ракеты ATACMS павінны былі пашкодзіць слабыя адрэзкі моста, а дроны падарвацца ля апор. Але Расея ўзмацніла абарону, і Украіна пастанавіла выкарыстоўваць толькі ракеты.
Камандуючы сіламі NATO ў Еўропе Крыстафер Кавалі і генерал-лейтэнант Антоніа Агута намагалі на скасаванні або адтэрміноўцы, уважаючы, што ATACMS недастаткова для разбурэння моста. Аднак украінскі бок настаяў на ўдары.
Атака адбылася ў жніўні - зараз гэта пацверджана
Паводле звестак NYT, залп ATACMS па мосце быў нанесены ў сярэдзіне жніўня 2024 года. Магчыма, размова ідзе аб падзеях 16 жніўня, калі Мінабароны РФ паведамляла аб перахопе 12 ракет, але ніякіх пашкоджанняў тады не прызнавалася.
Цяпер амерыканскія чыноўнікі пацвердзілі выданню, што ўдар усё ж дасягнуў мэты: мост атрымаў некалькі пашкоджанняў дарожнага палатна («выбоін»), якія пазней былі аператыўна адрамантаваныя.
Нягледзячы на гэта, аперацыя ўважаецца за важны дэманстратыўны крок, які другі раз за час вайны парушыў недатыкальнасць аб'екта, што раней уважаўся за сімвал кантролю Расеі над украінскім паўвостравам.
Палітычны і ваенны сігнал
Хаця мост не быў разбураны, сам факт удару па ім стаў моцным палітычным і псіхалагічным сігналам. Аперацыя паказала, што нават стратэгічна найважнейшыя аб'екты Расеі могуць быць дасягнутыя высокадакладным узбраеннем і што Кіеў гатовы да рызыкі, нягледзячы на сумневы хаўруснікаў.