WP: Трамп цалкам мяняе вайсковую стратэгію ЗША
8- 30.03.2025, 14:25
- 9,882

У Пентагоне выдалі сакрэтную ўнутраную інструкцыю.
Новы міністр абароны ЗША Піт Гегсет кардынальна мяняе палітыку Пентагона, карэктуючы яе пад прэзідэнта Дональда Трампа. Стратэгія палягае выключна ў стрымліванні Кітая.
Пра гэта паведамляе выданне The Washington Post, спасылаючыся на сакрэтную ўнутраную інструкцыю Пентагона.
Паводле інфармацыі журналістаў, у сваёй новай стратэгіі Пентагон амаль на 100% кіруецца нашумелым артыкулам кансерватыўнага фонду Heritage Foundation, апублікаванага ў 2024 годзе.
«Дакумент пад назвай «Часовае стратэгічнае кіраўніцтва па нацыянальнай абароне» з паметкай «Сакрэтна/замежным грамадзянам доступ забаронены» і подпісам Гегсета, быў распаўсюджаны ў сярэдзіне сакавіка.
У ім апісваецца рэалізацыя бачання Трампам таго, як падрыхтавацца да патэнцыйнай вайны супраць Кітая, а таксама да пагроз у «блізкім замежжы», напрыклад, у Грэнландыі і Панамскім канале», - гаворыцца ў артыкуле.
Сярод прыярытэтных пагроз, апроч Кітая, называюцца нелегальная міграцыя, а таксама абарачэнне наркатычных сродкаў. Згодна з дакументам на «іншых тэатрах ваенных дзеянняў» ЗША плануюць абмежаваць персанал і рэсурсы.
Там згадваюцца таксама планы перакласці на Еўропу супрацьдзеянне пагрозам з боку Расеі, КНДР, а таксама Ірана. Кітай - гэта адзіная пагроза, над стрымліваннем якой мае намер працаваць Пентагон.
У Пентагоне, азнаёміўшыся з інструкцыяй Гегсета, раскрытыкавалі дакумент, назваўшы яго «заблытаным». Заканадаўцаў трывожыць, што Трамп фактычна звужае зону ўплыву Злучаных Штатаў, скарачаючы прысутнасць у большасці краін свету.
«Існуе супярэчнасць паміж дзвюма тактыкамі: «Мы хочам амерыканскай моцы і вайсковага дамінавання ў свеце, і мы хочам быць адначасова і ўсюды, і нідзе. Гэта непаслядоўна. Ім будзе цяжка распрацаваць стратэгію вакол гэтага», - заявіла крыніца на ўмовах ананімнасці.
Згодна з кіраўніцтвам ЗША не плануюць надаваць нейкую сур'ёзную падтрымку Еўропе і NATO ў супрацьдзеянні расейскай агрэсіі. Адзінае, чым Вашынгтон гатовы займацца, - гэта ядзернае стрымліванне РФ.cv