У Бялынічах чацвёра дзяцей патрапілі ў лякарню з атручваннем угарным газам
1- 30.03.2025, 17:05
- 3,056

Дзеці знаходзіліся ў гасцях у знаёмых.
Днём у суботу, 29 сакавіка, у Бялыніцкую раённую лякарню паступілі чатыры дзяўчынкі 2013–2014 гадоў нараджэння з дыягназам «атручванне ўгарным газам сярэдняй ступені цяжкасці». Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў МНС Беларусі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, дзеці знаходзіліся ў гасцях у знаёмых. Раніцай гаспадар дома паліў у печы. Цягам дня дзяўчынкі сталі адчуваць сябе дрэнна. Бацькі аператыўна звярнуліся па медыцынскую дапамогу, пасля чаго дзяцей даставілі ў лякарню.
Паводле папярэдніх звестак, атручэнне адбылося таму, што гаспадар заўчасна закрыў засаўку коміна. Гэта прывяло да назапашвання ўгарнага газу ў памяшканні.