Расейцы ўстанавілі васьмігадовы рэкорд па спажыванні моцнага алкаголю
8- 31.03.2025, 19:46
- 3,294

Пры гэтым продаж гарэлкі захаваўся на ўзроўні папярэдняга года.
У 2024 годзе продажы моцнага алкаголю ў Расеі, за выключэннем гарэлкі, выраслі на 10,2%, дасягнуўшы ўзроўню 3,2 літра на душу насельніцтва на год, піша FinExpertiza. Гэты паказчык стаў рэкордным з 2017 года. Пры гэтым продаж гарэлкі захаваўся на ўзроўні папярэдняга года - 5,3 літра на чалавека, што таксама з'яўляецца максімальным значэннем з 2017 года і трымаецца на названай адзнацы трэці год запар. Сукупны аб'ём рэалізацыі моцнага алкаголю павялічыўся на 3,7% і дасягнуў 8,5 літра на душу насельніцтва.
Для аналізу выкарыстоўваліся звесткі Федэральнай службы кантролю за алкагольным і тытунёвым рынкамі (Расалкаголь тытунькантроль), якія ўлічваюць раздробныя продажы алкагольнай прадукцыі ў натуральным вылічэнні, уключаючы рэалізацыю ва ўстановах грамадскага харчавання. У катэгорыі моцных спіртных напояў асобна выдзяляюцца гарэлка і негарэлачны сегмент, які ўключае каньяк, лікёра-гарэлачныя вырабы, віскі, ром, джын, тэкілу і іншыя напоі. Вінаробная прадукцыя ахоплівае ціхія і пеністыя віны, а таксама вінныя напоі, вырабленыя з вінаграду (выключаючы пладовыя віны). Да піваварнай катэгорыі адносяць піва, піўныя напоі, сідр, пуарэ і медавуху. Аб'ёмы продажаў супастаўляліся са сярэднегадовай колькасцю насельніцтва за адпаведныя перыяды.
Гарэлка, на долю якой прыпадае 62% ад агульнага аб'ёму продажаў моцнага алкаголю, дэманструе стабільнасць цягам апошніх трох гадоў, утрымліваючы паказчык 5,3 літра на чалавека на год. У даваенным 2021 спажыванне гарэлкі на душу насельніцтва ў Расеі, паводле звестак Цэнтра даследавання федэральных і рэгіянальных рынкаў алкаголю (ЦДФРРА), складала 5 літраў. Рост продажаў гарэлкі быў зафіксаваны ў 2022 годзе (6%) - пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
Продажы моцных алкагольных напояў, якія не належаць да гарэлкі, у 2024 годзе павялічыліся на 10,2%, з 2,9 да 3,2 літра на душу насельніцтва. Гэта рэкордны ўзровень мінімум за восем гадоў, адзначае FinExpertiza.
Раздробныя продажы вінаробнай прадукцыі, якая ўключае ціхія, пеністыя і лікёрныя віны, а таксама вінныя напоі на аснове вінаграду, за год выраслі ўсяго на 1,3%, і павялічыліся з 5,9 да 6 літраў на чалавека. Нягледзячы на рост дынамікі, паказчыкі застаюцца ніжэйшымі за дапандэмійны ўзровень 2019 года (6,8 літра) і значэнняў 2020 года (6,4 літра).
Аб'ём раздробных продажаў піваварнай прадукцыі, якая ўключае піва, піўныя напоі, сідр, пуарэ і медавуху, таксама дасягнуў васьмігадовага максімуму, склаўшы 57,7 літра на душу насельніцтва. Гэта на 8% вышэй, чым год таму, і дэманструе самую высокую гадавую дынаміку з 2017 года. Агулам, продажы піва і спадарожных напояў у 3,5 разы перавышаюць аб'ёмы рэалізацыі іншых тыпаў алкаголю.