2 красавiка 2025, Серада, 9:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскія навукоўцы распрацавалі экалагічны метад здабывання рэдказямельных металаў

Польскія навукоўцы распрацавалі экалагічны метад здабывання рэдказямельных металаў

Новая тэхналогія дасць магчымасць бяспечна перапрацоўваць выкарыстаныя батарэі.

Навукоўцы з Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай прапанавалі інавацыйную методыку здабывання рэдказямельных элементаў з нікель-металагідрыдных батарэек, якія шырока выкарыстоўваюцца ў электроніцы і аўтамабілебудаванні, паведамляе «Польскае радыё».

Як расказала прафесарка Дарота Каладыньска, кіраўніца кафедры неарганічнай хіміі, яе каманда навучылася бяспечна атрымліваць лантан, цэрый, неадым, а таксама нікель, кобальт і цынк з акумулятараў тыпу R3 і R6, вядомых у побыце як «пальчыкавыя батарэйкі». Гэтыя крыніцы сілкавання класіфікуюцца як небяспечныя адкіды, якія павінны быць абавязкова перапрацаваныя.

«Падчас шматгадовых даследаванняў мы прыйшлі да высновы, што такім эфектыўным і эканамічным рэагентам можа стаць імінадыянтарная кіслата (IDHA). Яна дазваляе здабываць каштоўныя металы са скарыстаных батарэек без ужывання агрэсіўных хімічных злучэнняў», – патлумачыла Каладыньска.

Сёння для падзелу рэдказямельных металаў часцей за ўсё выкарыстоўваюць азотную, серную і саляную кіслоты, а таксама арганічныя экстрагенты. Аднак такія метады ствараюць таксічныя адкіды, ускладняюць перапрацоўку і наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю. У адрозненне ад іх польскія даследнікі распрацавалі экалагічна чыстую тэхналогію, заснаваную на ўжыванні біяраскладальных рэагентаў.

Асобнай задачай з'яўляецца падзел атрыманых элементаў. Тут навукоўцы звярнуліся да выкарыстання сарбентаў і гібрыдных матэрыялаў, створаных на аснове хітазану, альгінатаў і біявугалю. Іх галоўнай перавагай з'яўляецца нізкі сабекошт і даступнасць сыравіны.

«Мы таксама працуем над новымі метадамі атрымання лантаноідаў з іншых крыніцаў. У супрацоўніцтве з калегамі з Чэхіі, Турцыі і Інстытута кіравання мінеральнымі рэсурсамі мы атрымалі грант на даследаванне рэдказямельных металаў у адпрацаваных сонечных панэлях і лопасцях ветраных турбінаў», – дадала Каладыньска.

Хоць назва «рэдказямельныя» можа ўвесці ў зман, насамрэч гэтыя элементы не такія ўжо рэдкія. Яны шырока распаўсюджаны ў зямной кары, але сустракаюцца ў рассеяным стане, што ўскладняе іх здабычу.

Сёння асноўныя запасы гэтых металаў засяроджаныя ў Кітаі, ЗША і Бразіліі, а ў Еўропе ўласныя радовішчы практычна адсутнічаюць. Гэта стварае стратэгічную залежнасць ад паставак з-за мяжы. Паводле ацэнак экспертаў, да 2050 года попыт на высакачыстыя рэдказямельныя элементы вырасце на 10–15% за год, таму перапрацоўка другаснай сыравіны становіцца ўсё больш важнай задачай.

«Калі ўзяць да ўвагі, што Еўропа практычна пазбаўленая прыродных запасаў, то нам неабходна засяродзіцца на другасных крыніцах», – падкрэслівае прафесарка Каладыньска.

Вынікі даследаванняў ужо звярнулі ўвагу прамысловасці. Навукоўцы маюць намер запатэнтаваць сваю тэхналогію і шукаюць фундатараў.

Адным з перспектыўных праектаў з'яўляецца будаўніцтва завода для перапрацоўкі рэдказямельных металаў у Пулавах. Grupa Azoty супольна з канадскай Mkango Resources плануюць запусціць вытворчасць у 2027–2028 гадах. Гэты праект уключаны ў пералік 47 стратэгічных ініцыятываў Еўракамісіі, накіраваных на ўмацаванне незалежнасці ЕЗ у сферы здабычы і перапрацоўкі крытычна важных матэрыялаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках