Сікорскі: Трамп паступова пачынае разумець, з кім мае справу
2- 31.03.2025, 21:50
- 4,328

Кіраўнік МЗС Польшчы мяркуе, што амерыканская дыпламатычная канцэпцыя памылковая.
«Падобна, што прэзідэнт Дональд Трамп патроху пачынае ўсведамляць, з якім партнёрам мае справу», – заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, каментуючы збліжэнне паміж Расеяй і ЗША і нядаўнія заявы Трампа датычна Уладзіміра Пуціна, якія сведчаць, што лідар ЗША пачынае страчваць цярпенне.
Як паведамляе RMF24, міністр адзначыў, што згода Украіны на безумоўнае спыненне агню не сустрэла станоўчай рэакцыі Расеі.
«І нават гэтае абмежаванае спыненне агню, на жаль, таксама не выконваецца», – сказаў Радаслаў Сікорскі.
Ён таксама выказаў меркаванне, што амерыканская дыпламатычная канцэпцыя вядзення перамоваў пра мір ва Украіне без Еўропы, верагодна, памылковая, і што еўрапейскія прадстаўнікі могуць быць карысныя для Белага дому ў разуменні расейскага светапогляду.
«Мы павінны падтрымліваць гэтую гатоўнасць усёй Еўропы супрацьстаяць Пуціну», – дадаў ён.
Сікорскі, які наведаў сустрэчу «Вялікай пяцёркі» ЕЗ у Гішпаніі, падкрэсліў, што апублікаванае ўдзельнікамі мерапрыемства супольнае камюніке пра вылучэнне далейшай дапамогі Украіне з'яўляецца «моцным паведамленнем» як для Кіева, так і для ЗША.
«ЕЗ цяпер прапануе Украіне не толькі львіную долю фінансавай, але і ваеннай падтрымкі», – адзначыў кіраўнік польскай дыпламатыі.