Еўропа вядзе перамовы з чатырма кампаніямі ў пошуку альтэрнатывы Starlink для Украіны
2- 8.03.2025, 19:38
- 3,886

Аб гэтым паведаміла газета Financial Times.
Еўропа шукае для Украіны спадарожнікавую сувязь, якая б магла стаць заменай Starlink амерыканскага мільярдэра Ілана Маска. Цяпер ідуць перамовы з чатырма еўрапейскімі кампаніямі.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на публікацыю Financial Times.
Чатыры буйныя спадарожнікавыя аператары – люксембургская SES, гішпанская Hisdesat, Viasat (уладальнік брытанскай Inmarsat) і французская Eutelsat/OneWeb – распавялі Financial Times, што вядуць перамовы з урадамі і інстытутамі ЕЗ у забеспячэнні рэзервовай сувязі для Украіны.
Аднак, як адзначае FT, хутка замяніць тэрміналы Starlink будзе складана, бо яны назапашваліся ва Украіне гадамі. Са слоў міністра лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіла Фёдарава, у эксплуатацыі сёння знаходзіцца больш за 40 тысяч тэрміналаў. Іх выкарыстоўваюць не толькі вайскоўцы, але і бальніцы, бізнэс і гуманітарныя арганізацыі.
Гендырэктар SES Адэль Аль-Салех распавёў, што кампанія ўжо падае паслугі Украіне, але таксама ўдзельнічае ў перамовах па пашырэнні сваіх магчымасцяў. У Viasat запэўнілі, што могуць дапамагчы задаволіць патрэбы Украіны, бо на рынку ёсць значныя магутнасці, а ў найбліжэйшай будучыні з'явяцца яшчэ большыя.
Аднак, як сказаў FT Люк Палерм Сера з кансалтынгавай кампаніі AnalysysMason, ніводны з існых варыянтаў не можа забяспечыць такі аб'ём паслуг, як Starlink. Нават калі аб'яднаць усе еўрапейскія магутнасці, яны не змогуць параўнацца са Starlink, які мае больш за 7 тысяч спадарожнікаў на нізкай арбіце.
Праца Starlink ва Украіне
Спадарожнікавая сетка Starlink, уладальнікам якой з'яўляецца Ілан Маск, пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання забяспечвае крытычную сувязь ва Украіне ў зоне баявых дзеянняў і на вызваленых тэрыторыях. Аднак на працягу трох гадоў поўнамаштабнай вайны ўжо не раз гаварылася аб рызыцы блакавання працы тэрміналаў на тэрыторыі Украіны.
Пакуль гэтага не адбылося, але на фоне спынення вайсковай дапамогі Украіне з боку ЗША тэма магчымай пагрозы працы Starlink актуалізавалася. Між іншым, паводле звестак Reuters, падчас перамоў па дамове аб карысных выкапнях амерыканскі бок пагражаў адключыць Украіну ад Starlink.