Шкляны сорам Караніка
8- 1.04.2025, 11:36
- 22,652

Замест "хай-тэка" атрымаўся "хай-так".
У Мастах на Гарадзеншчыне заканчваецца рэканструкцыя самага доўгага падвеснага моста Беларусі. Чыноўнікі абяцалі зрабіць яго сапраўднай турыстычнай сенсацыяй: галоўнай разынкай павінен быў стаць 10-метровы адцінак шкляной падлогі, праз які можна было б любавацца Нёманам. Але рэальнасць моцна разышлася з прыгожымі абяцаннямі ўладаў, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Абноўлены мост амаль гатовы, але першых наведвальнікаў, мяркуючы з усяго, чакае непрыемная нечаканасць. Замест 10-метровага празрыстага адцінка падлогі з'явіліся некалькі маленькіх кавалачкаў шкла вельмі дрэннай якасці, праз якое рэальна нічога не відаць.
“Ну што гэта за шкло? Ні халеры не відаць таго Нёмана, кропкі нейкія ды ўзоры», - абураецца мужчына на відэа, якое было размешчанае ў TikTok. З кантэксту зразумела, што яго запісалі мясцовыя будаўнікі, якія прайшліся па яшчэ не адкрытым для ўсіх мосце.

"Эх, а такі мост быў", - з сумам уздыхае чалавек за кадрам.
Падвесны мост у Мастах быў адкрыты яшчэ ў 1972 годзе і стаў адной з самых вядомых славутасцяў Гарадзеншчыны. Асаблівую папулярнасць ён набыў падчас COVID-19, калі беларусы пачалі актыўна падарожнічаць па краіне. Знакамітыя Краснасельскія крэйдавыя кар'еры з бірузовай вадой, размешчаныя недалёка адсюль, яшчэ больш узмацнілі яго вядомасць.
Цікава, што першапачаткова мост моцна разгойдваўся на ветры, што вельмі падабалася аматарам вострых адчуванняў. Але ў 90-х яго ўмацавалі і зрабілі больш стабільным.
Летась мясцовыя чыноўнікі паабяцалі зрабіць новы мост сапраўдным “турыстычным магнітам”.
Ужо былы кіраўнік Гарадзеншчыны Уладзімір Каранік не шкадаваў прыгожых слоў і абяцанняў і расказваў пра унікальную падсветку і вялікую празрыстую шкляную падлогу, якая неўзабаве ўпрыгожаць знакаміты мост і зробіць яго сапраўдным цудам Гарадзеншчыны. Дзяржаўныя СМІ абвяшчалі будучы мост ці не галоўнай турыстычнай славутасцю Беларусі.

«Ні халеры не відаць таго Нёмана!»
Ад убачанага ў TikTok мясцовыя жыхары і госці горада не стрымліваюць свайго расчаравання:
“Пачалі ў стылі хай-тэк, а скончылі ў стылі хай-так”, – іранізуе адзін з каментатараў.
"Я ўжо рэальна паверыў, што будзе нейкае ноў-хаў, а не, гляджу - усё нармальна", - піша іншы.
"Адзіны страх, што гэтае шкло яшчэ і не вытрымае!" - каментуюць беларусы.
Акрамя таго, людзі звярнулі ўвагу на дзіўнае інжынернае развязанне: вострыя металічныя куткі для мацавання агароджы размясцілі не звонку, а проста на пешаходнай дарожцы, што стварае відавочную небяспеку:
“І хто падпісваў тэхніку бяспекі? Калі нехта паслізнецца і стукнецца галавой?» - пытае адзін з каментатараў.
На пытанне, чаму шкло паклалі толькі маленькімі кавалкамі, адзін з будаўнікоў адказаў:
“Каб бабуля, калі пойдзе, не баялася. А так зрабіла пару крокаў - і ўсё”.
На што мясцовыя жыхары зноў адрэагавалі:
“Ну так, галоўнае на гэтым мосце - не глядзець уніз. Бо адразу стане зразумела, што нас усіх зноў падманулі”.