Беларусы скупляюць старыя аўтамабілі і ставяць на іх нумары з прыгожымі камбінацыямі
14- 1.04.2025, 19:38
- 21,934

Шэраг аўтамабіляў патрапіў на відэа.
Як вядома, для Менска скончыліся свабодныя серыі нумарных знакаў і замест лічбы 7 зараз выдаюцца нумарныя знакі з лічбай 8. Гэтая падзея прывяла да ажыятажу і "палявання" на прыгожыя камбінацыі лічбаў.
У сувязі з гэтым цікавую карціну на днях зняў блогер 001by: шэраг прыпаркаваных аўтамабіляў - і ва ўсіх лічба 8 на нумары і нятанная камбінацыя лічбаў і літар. «Аўтамабілі, якія стануць даражэйшымі. Гэта вам не ваша крыпта», - жартуе аўтар відэа.
«Тлумачу: гэтыя нумары купляюцца не для гэтых «вёдраў». Наадварот, «вёдры» купляюцца пад гэтыя нумары, якія спецыяльна купляюць для нейкіх даражэйшых аўтамабіляў або для фірмаў. Проста без аўто нумар не купіш», - адзначылі ў каментары, піша abw.by.
Адзначым, што нумары з прыгожымі камбінацыямі - не бясплатная працэдура і не выпадковасць. Падбор рэгістрацыйных знакаў жаданай камбінацыі лічбаў і літар (пры іх наяўнасці) каштуе 10 базавых адзінак (420 рублёў), а выраб у індывідуальным парадку рэгістрацыйных знакаў з жаданай камбінацыяй лічбаў і літар - 60 базавых адзінак (2520 рублёў).
Чаму не выкарыстоўваюць літары Ш, Ж, Ф і іншыя?
Дарэчы, некаторыя задаюцца пытаннем: як так атрымалася, што нумары з лічбай 7 скончыліся і таму сталі выдаваць нумары з лічбай 8. Чаму не выкарыстоўваюць такія літары як Ш, Ж, Ф і іншыя?
Рэч у тым, што для нумарных знакаў дазваляецца выкарыстоўваць толькі 12 літар, агульных для беларускага і лацінскага алфавітаў. Гэта А, В, Е, І, К, М, Н, О, Р, С, Т, Х. Робіцца гэта для таго, каб, калі аўтамабіль з'ехаў у іншую краіну, нумар маглі б там прачытаць. Гэта прадугледжана Венскай канвенцыяй аб дарожным руху ад 1968 года. Адсюль і сітуацыя, што камбінацыі сябе вычарпалі.
Дарэчы, у Менску зарэгістравана амаль 800 тысяч транспартных сродкаў.