3 красавiка 2025, Чацвер, 0:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі адчынілі музей бамжоў

9
У Расеі адчынілі музей бамжоў

У гістарычным цэнтры Санкт-Пецярбурга.

У гістарычным цэнтры Санкт-Пецярбурга на Гарохавай вуліцы адчыніўся Музей бамжоў. Стваральнікі аб'екта назвалі яго «анталогіяй бадзяжніцтва» і «даследаваннем на стыку гісторыі, сацыялогіі і антрапалогіі». Наведвальнікі музея, які размясціўся ў падвале плошчай блізу 130 кв. метраў, даведаюцца, калі з'явіліся першыя беспрытульнікі і як да іх ставіліся ў розныя эпохі, піша Neva.today.

«Цэнтрам экспазіцыі з'яўляюцца людзі і іхнія лёсы з розных стагоддзяў. Разам з імі мы паспрабуем разабрацца ў тых сілах, якія вабяць нашых герояў да свабоды ці на дно», – сказана на сайце праекту. У музеі размешчаная цэнтральная экспазіцыя, якая заглыбляе ў бадзяжніцтва некалькіх эпох – ад начлежкі XIX стагоддзя да падваротні і гаражоў 90-х, а таксама іншыя аб'екты «матэрыяльнага і нематэрыяльнага характару», пералік якіх будзе пашырацца з развіццём музея. Наведвальнікі пазнаёмяцца з калекцыяй фатаграфій з бамжамі з розных эпох, а ў холе музея размяшчаецца бібліятэка, у якой можна выпіць гарбаты і што-небудзь пачытаць. Тамсама плануецца праводзіць спектаклі і выступы. Пакуль уваходны квіток каштуе 650 рублёў.

Паводле словаў аўтара ідэі Антона Барадзіна, пастанову аб стварэнні праекту ён прыняў у студзені 2025 года. Падвальнае памяшканне на Гарохавай атрымалася «пераўтварыць» за тыдзень пры дапамозе двух пецярбургскіх мастакоў, якія працавалі «кругласутачна і практычна без выходных». Гасцей у музеі будуць сустракаць бамж Саша, савецкі біч Валянцін, Апанас Разбойнік, алкаголіца Еўдакія і каліка Арсеній. Іх «амплуа» – жабрак пілігрым у Святыя землі, рускі катаржанін, насельнік гарадской начлежкі і г.д.

«[Праца музея] – гэта вельмі важны дыялог грамадства з ізгоямі. Цягам апошніх 35 гадоў мы назіраем, як бяздомнасць перастае быць злачынствам. Гэта сведчыць, што грамадства нарэшце ідзе па правільным шляху гуманізацыі чалавечых стасункаў», – расказаў заснавальнік дабрачыннай арганізацыі «Начлежка» Валерый Сакалоў. Як паведамляе «МК», заробленыя на квітках у музей грошы стваральнікі збіраюцца накіроўваць на дапамогу людзям у цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Выданне «Калі быць дакладным» на аснове звестак ад «Начлежкі» і іншых экспертаў падлічыла, што колькасць бяздомных у Расеі можа даходзіць да 2 млн чалавек. Адзначаецца, што афіцыйных звестак пра бамжоў у краіне «фактычна няма», а лікі пра іх з перапісаў насельніцтва недакладныя і заніжаныя ў дзясяткі ці сотні разоў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках