3 красавiка 2025, Чацвер, 0:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскі ўладальнік сонечнай электрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне падаў у суд на Беларусь

12
Брытанскі ўладальнік сонечнай электрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне падаў у суд на Беларусь

Патрабуе кампенсаваць страты.

Замігцела святло ў пачатку судовага тунэлю. «МагілёўАнлайн» даведаўся, на якой стадыі знаходзіцца міжнародны працэс у справе сонечнай электрастанцыі, якую пабудавалі ў Чэрыкаўскім раёне.

Калі коратка, то ў самым пачатку доўгага шляху, нягледзячы на тое, што з моманту падачы пазову ў Міжнародны цэнтр урэгулявання інвестыцыйных спрэчак (МЦУІС) прайшоў год. Пазоўнікам у гэтай справе выступіў грамадзянін Вялікай Брытаніі Кіабод Тутанян Машад, адказчыкам – Рэспубліка Беларусь. Трэцімі асобамі з нашага боку заяўленыя міністры эканомікі і энэргетыкі і Магілёўскі абласны выканкам.

У гэтым выпадку размова ідзе пра няўдалы інвестыцыйны праект у выглядзе пабудаванай ТАА «Салар Лэнд» сонечнай электрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці, якую называлі найбуйнейшай у Беларусі.

Нагадаем, інвестыцыйная дамова з беларускімі ўладамі на будаўніцтва фотаэлектрычнай станцыі для вытворчасці электраэнэргіі была заключаная ў 2014 годзе. Непасрэдна будаўнічыя працы пачаліся ў верасні 2018 года. Генеральным падраднікам выступіла кампанія «Белзамежбуд», заказчыкам «Салар Лэнд», заснаваная ірландскай кампаніяй Сameliaside (яе стварылі пад праект у Беларусі брытанскія інвесткампаніі United Green Group і Altоstarta). Памер інвестыцый у асноўны капітал склаў блізу 170 млн даляраў. За год планавалася выпрацоўваць больш за 137 мільёнаў кілават-гадзінаў «зялёнай» энэргіі. Уся электрычнасць павінна была паступаць у дзяржаўную энэргасетку.

У эксплуатацыю станцыю ўвялі ў верасні 2021 года, а паводле вынікаў 2022 года «Магілёўэнэрга» пералічыла «Солар Лэнд» больш за 15,7 млн рублёў за аплату набытай электраэнэргіі. Аднак пракуратура Магілёўскай вобласці ўгледзела парушэнне заканадаўства і звярнулася ў эканамічны суд з пазовам аб прызнанні ўгоды несапраўднай.

У траўні 2023 года суд прызнаў угоду нікчэмнай і абавязаў «Салар Лэнд» вярнуць атрыманыя грошы. У выніку сонечную электрастанцыю адключылі ад беларускай энэргасістэмы, а кампанія брытанца страціла доступ да аб'екта. На гэтым фоне ад «Салар Лэнд» запатрабавалі вярнуць грошы іншыя яе партнёры: кітайская PowerChina Guizhou Engineering – за пастаўку абсталявання для сонечнай электрастанцыі, беларуская «ВіяСЕТрэйд» – за праектныя працы. Кампанія таксама трапіла ў спіс актываў, у якіх іх замежным уласнікам забаронена адчужаць свае дзелі без узгаднення з урадам.

Брытанскі інвестар спрабаваў дамовіцца з беларускімі ўладамі пра кампенсацыю стратаў, але беспаспяхова. У сваю чаргу судовыя выканаўцы, каб пагасіць запазычанасці ТАА «Салар Лэнд» у пачатку сакавіка 2024 года выставілі сонечную электрастанцыю на аўкцыён за амаль 80 млн рублёў, але гандаль не адбыўся з прычыны адсутнасці ахвотных стаць уладальнікам праблемнага актыву.

Брытанец жа звяртаецца ў МЦУІС і ў сакавіку таго ж года ягоны пазоў рэгіструюць. За мінулы час быў сфармаваны трыбунал з трох суддзяў, якім трэба будзе вывучыць пазіцыю бакоў і вынесці вердыкт. Пакуль жа працэс знаходзіцца на стадыі вызначэння працэдурных пытанняў. Апошняе абнаўленне ў картцы суда ў гэтай справе датуецца студзенем гэтага года. Адным радком паведамляецца, што пазоўнік «падаў мемарандум паводле сутнасці справы». Гэта значыць, Машад дэталізаваў свой пазоў, тэкст якога для выказвання сваёй пазіцыі будуць вывучаць суддзі і беларускі бок.

Да месца заўважыць, такога кшталту спрэчныя справы ў МЦУІС могуць разглядацца гадамі. Памятаеце гісторыю расейскай кампаніі «Гранд Экспрэс», якая выступала асноўным інвестарам і давяла да банкруцтва Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод? Яна таксама судзілася з Беларуссю ў гэтым жа міжнародным цэнтры і патрабавала больш за 200 млн даляраў. Працэс заняў роўна шэсць гадоў – з 2018 да 2024 года. «Гранд Экспрэс» саступіў і застаўся вінен Беларусі 10 млн даляраў. Цяпер гэтая кампанія банкруціцца.

ТАА «Саляр Лэнд» у гэты час знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.

І яшчэ адзін важны момант, які не ўзяў да ўвагі брытанскі фундатар. На момант пачатку рэалізацыі праекту сонечнай электрастанцыі было вядома пра прынятую пастанову будаваць у Беларусі АЭС. У гэтай інвестгісторыі, як кажуць у такіх выпадках, бізнэс-рызыкі былі відавочна недаацэненыя.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках