У Менску склалася цікавая сітуацыя з праязнымі
6- 10.04.2025, 14:49
- 7,874

Сёння ў касах вывесілі новыя цэннікі.
З 10 красавіка ў Менску падаражэў праезд. Сёння ў касах ужо вывесілі новыя цэннікі, а на сайце "Мінсктранса" абнавіўся файл з тарыфамі, піша Blizko.by.
Квіток на адну паездку каштуе 95 капеек (пры куплі ў кіроўцы - 1 рубель), жэтон на метро - 1 рубель. "Адзіны" праязны на месяц на 4 тыпы транспарту (аўтобус, тралейбус, трамвай, метро) цяпер каштуе 56,97 рубля (ранейшы кошт — 51,05 рубля).
Самы дарагі праязны зараз каштуе 113 рублёў 97 капеек - гэта праязны на 30 дзён на 2 тыпы транспарту: метро і цягнікі «гарадскіх ліній» БЧ.

Дзіўна, але праязны на 5 тыпаў транспарту каштуе танней: 98 рублёў 35 капеек. Гэта праязны на 30 дзён на аўтобусы, тралейбусы, трамваі, метро і цягнікі "гарадскіх ліній" БЧ.

Гэтая залежнасць захоўваецца і для праязных на карацейшыя тэрміны: на 3, 5 і 10 дні.
Прычым захоўваецца яна ўжо больш за паўтара года, са жніўня 2023 года, калі ўвялі новы так званы “адзіны праязны”.
Застаецца незразумелым, ці купляе хтосьці даражэйшыя праязныя з меншымі магчымасцямі, калі можна купіць таннейшы праязны з вялікімі магчымасцямі.
