Амбасадарка ЗША ва Украіне сыходзіць у адстаўку
6- 10.04.2025, 20:39
- 5,528

Брыджыт Брынк ужо развіталася з калегамі.
Амбасадарка ЗША ва Украіне Брыджыт Брынк мае намер датэрмінова сысці ў адстаўку, паведамляе CBS News са спасылкай на тры крыніцы.
Афіцыйна Брынк яшчэ не падала прашэнне аб адстаўцы, але, са слоў крыніц, яна ўжо развітвалася з калегамі.
Адзін з амерыканскіх чыноўнікаў паведаміў CBS, што адстаўка Брыджыт Брынк выклікана спалучэннем асабістых і палітычных праблем, уключаючы нядаўнія звальненні ў USAID
Пасада амбасадара ва Украіне - у зоне баявых дзеянняў - прадугледвае, што дыпламаты не могуць браць з сабой на службу сем'і.
Паведамляецца, што Дзяржсакратар Марка Рубіё планаваў пакінуць Брынк на гэтай пасадзе і адхіліў першую заяву аб адстаўцы, якую яна падала ў студзені ў рамках стандартнай змены адміністрацый.
Сэнат Злучаных Штатаў Амерыкі зацвердзіў Брыджыт Брынк амбасадаркай ЗША ва Украіне ў траўні 2022 года. Брынк з'яўляецца дасведчанай дыпламаткай і служыць у Дзярждэпартаменце ЗША з 1996 года. З 2019 года яна была амбасадаркай ЗША ў Славакіі, а раней займала пасады намесніка кіраўніка місій ва Узбекістане і Грузіі.
5 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і ўкраінскія карыстальнікі сацсетак раскрытыкавалі рэакцыю амерыканскай амбасады на ўдар войскаў РФ па Крывым Рогу 4 красавіка. Тады Брынк не ўдакладніла, што ракета, якая ўдарыла па горадзе, забіла 20 мірных жыхароў, сярод якіх дзевяць дзяцей — расейская, абмежаваўшыся агульнай фразай аб тым, што «гэтая вайна павінна скончыцца».
На наступны дзень Амбасада выказала салідарнасць з украінцамі ў дзень жалобы па ахвярах расейскага нападу ў Крывым Рогу. Брынк зноў адрэагавала на трагедыю, але на гэты раз указала, што гэта быў расейскі ўдар.