19 красавiка 2025, Субота, 22:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска стала ў Гішпаніі кніжнай блогеркай і напісала раман пра «Формулу-1»

1
Беларуска стала ў Гішпаніі кніжнай блогеркай і напісала раман пра «Формулу-1»
Ірына Зубкова

Раман арыентаваны на юнацкую аўдыторыю і сумяшчае тэмы кахання і спорту.

Беларуска Ірына Зубкова, якая жыве ў Гішпаніі і стала ў гэтай краіне папулярнай кніжнай блогеркай на платформе TikTok, зараз і сама перайшла ў разрад пісьменнікаў, выдаўшы днямі свой першы раман, піша «Беларусь і свет».

Кніга нашай 24-гадовай суайчынніцы пад назвай Acelerando en Rojo, што можна перакласці на беларускую мову як "Паскараючыся на чырвоны", выйшла ў свет 9 красавіка 2025 года пад брэндам Crossbooks, які належыць буйной выдавецкай групе Grupo Planeta.

Раман у жанры фікшн арыентаваны на падлеткава-юнацкую аўдыторыю і сумяшчае тэмы кахання і спорту. Ён апісвае рамантычныя ўзаемадачыненні зорнага пілота гонак "Формула-1" Ашэра Вегі і ягонай прадстаўніцы ў сувязях з грамадскасцю К'яры Ру.

Са слоў Ірыны, спачатку гісторыя стваралася ў антуражы чэмпіянату свету ў мотагонках MotoGP, бо ў яе сям'і сачылі менавіта за гэтым тыпам спорту. Але ідэя затым перайначылася з-за захапленні свёкра «Формулай».

У даволі аб'ёмнай кнізе налічваецца 568 старонак, яна забяспечана супервокладкай з чырвоным металічным цісненнем, на ўнутраным боку якой намаляванае сцэна, якая ілюструе адзін з эпізодаў апавядання.

Хто такая Ірына Зубкова

Паведамляецца, што Ірына Зубкова нарадзілася ў 2001 годзе ў Беларусі, але ўжо блізу 12 год жыве ў Гішпаніі. Дзяўчына стала вядома тут як аўтарка кантэнту ў сацсетках, прысвечанага кнігам: яна аглядае навінкі і дзеліцца ўражаннямі ад прачытанага.

Наша суайчынніца паступова ператварылася ў вельмі папулярнага інтэрнэт-інфлюенсера ў краіне ў гэтай сферы. Напрыклад, за яе допісамі ў TikTok сочаць больш за 1,9 млн чалавек. Паспяховая яна таксама ў Instagram.

Ролікі пра кнігі беларуска размяжоўвае відэам фармату lifestyle, дзе расказвае пра сваё жыццё, падарожжы, адзенне, ежу, музыку, спорт і гэтак далей. Так, шэраг допісаў прысвечаны розніцы беларускага і гішпанскага менталітэтаў.

Шлях да таго, каб стаць паспяховым буктокеркам (ад BookTok - так называюць сегмент TikTok, прысвечаны літаратуры), пачаўся з захапленні чытаннем тэкстаў пачынаючых аўтараў у супольнасці Wattpad. Затым былі гады працы ў тэме ў сацсетках.

У 2023 годзе Зубкова таксама выдала ў Crossbooks сваю самую першую працу з назвай Cuaderno de lecturas («Чытацкі дзённік»). Уласна, гэта і ёсць дзённік для запісу кароткай інфармацыі аб прачытаных кнігах, які суправаджаецца яшчэ парадамі ад Ірыны.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках