19 красавiка 2025, Субота, 22:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Панама дазволіла войскам ЗША размяшчацца ля Панамскага канала

3
Панама дазволіла войскам ЗША размяшчацца ля Панамскага канала

Але не ствараць вайсковыя базы.

Войскі ЗША змогуць размясціцца на шэрагу аб'ектаў уздоўж Панамскага канала ў рамках новага пагаднення паміж Вашынгтонам і Панамай. Дэталі ўжо падпісанага "вышэйшымі службовымі асобамі" дакумента падае агенцтва AFP, піша "Нямецкая хваля".

Са звестак агенцтва, пагадненне дазваляе вайскоўцам ЗША размяшчацца на кантраляваных Панамай аб'ектах для навучання вайскоўцаў, адпрацоўкі манеўраў і шэрагу іншых мерапрыемстваў. У той жа час ЗША не могуць будаваць новыя вайсковыя аб'екты на пярэсмыку.

Аднак і ў такім выглядзе пагадненне дае Вашынгтону права на размяшчэнне нявызначанай колькасці вайскоўцаў на якія выкарыстоўваліся ў мінулым вайсковых базах, пабудаваных ЗША падчас валодання Панамскім каналам дзесяцігоддзі таму, адзначае AFP. Агенцтва называе гэта буйной саступкай прэзідэнту ЗША Дональду Трампу ў яго імкненні аднавіць уплыў Вашынгтона на марскі шлях.

Пентагон абвінаваціў Кітай у шпіянажы з дапамогай Панамскага канала

Перад падпісаннем пагаднення аб Панамскім канале паміж Панамай і Вашынгтонам у Панаму накіраваўся з візітам міністр абароны ЗША Піт Хегсэт. На фоне гэтага ён заявіў, што кампаніі з Кітая "працягваюць кантраляваць найважнейшую інфраструктуру ў зоне канала", і што гэта ў сваю чаргу "дае Кітаю магчымасць шпіёніць за тым, што адбываецца ў Панаме".

Гаворачы аб кантролі інфраструктуры Панамскага канала, Хегсэт магчыма меў на ўвазе два ключавыя порты на ім, якімі кіруе ганконжскі холдынг CK Hutchison. У пачатку сакавіка амерыканскія інвестары дамовіліся з холдынгам аб продажы гэтых партоў, але кітайскі антыманапольны рэгулятар заявіў аб неабходнасці праверыць угоду і адклаў яе.

Хегсэт таксама паабяцаў, што ЗША "разам з уладамі Панамы і іншымі партнёрамі" вернуць канал з-пад уплыву Кітая і адкрыюць яго для ўсіх краін. Пры гэтым міністр абароны ЗША заявіў, што Вашынгтон узгадніў з Панамай свабодны і бязмытны праход для амерыканскіх вайсковых суднаў праз канал. Гэтае выказванне зняпраўдзіў міністр у справах Панамскага канала Хасэ Рамон Ікаса - паводле ягоных слоў, краіна па-ранейшаму будзе запытваць у Вашынгтона "кампенсацыі" за праход вайсковых караблёў.

Трамп аслабляе пазіцыі Кітая ў Панамскім канале

Панамскі канал, які злучае Атлантычны і Ціхі акіяны, ЗША пабудавалі ў 1914 годзе. Да 1999 года краіна кантралявала гэты 82-кіламетровы водны шлях, а затым ён быў поўнасцю перададзены Панаме.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп з моманту вяртання ў Белы дом у канцы студзеня неаднаразова заяўляў аб тым, што для Вашынгтона важна вярнуць кантроль над Панамскім каналам.

У адказ на словы Трампа прэзідэнт Панамы Хасэ Рауль Мулін заявіў, што канал не быў “падарункам ад ЗША” і будзе па-ранейшаму належаць краіне, якую ён узначальвае. Пры гэтым пасля перамоў з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё ў пачатку лютага Муліна адмовіўся падаўжаць дзеянне мемарандума аб узаемаразуменні з Кітаем паводле ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях".

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках